"Калі ўсё будзе ідэальна і сітуацыя будзе развівацца, як мы плануем, то чакаем, што гадавы аб'ём фінансавання праектаў у Беларусі дасягне 200-300 млн еўра, і тады праз два-тры гады мы зможам давесці агульны крэдытны партфель да 1 млрд еўра", - сказаў ён.
Цяпер агульны аб'ём фінансавання праектаў, рэалізуемых з удзелам ЕІБ, у Беларусі даведзены да 335 млн еўра. У прыватнасці гэта праекты падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу на суму 75 млн еўра, якія ажыццяўляюць ААТ "Беларусбанк" і ААТ "Белаграпрамбанк". Яны маюць права на сваіх умовах прадастаўляць крэдытныя рэсурсы ў рамках гэтай сумы розным суб'ектам гаспадарання краіны. Сярод тых, хто ўжо атрымаў падтрымку, пераважаюць прадрыемствы і арганізацыі вытворчай сферы, сельскай гаспадаркі і гандлю.
Цяпер ЕІБ вядзе з беларускім бокам перагаворы аб тым, каб пашырыць пералік банкаў, якія будуць удзельнічаць у праграме падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. "Як толькі завершыцца абмеркаванне парадку дадатковага фінансавання мясцовых банкаў па развіцці малога і сярэдняга бізнесу, тады агульная сума крэдытнага партфелю ЕІБ у Беларусі да канца бягучага года дасягне 500 млн еўра", - удакладніў Вазіл Худак. Ён таксама падкрэсліў, што развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з'яўляецца важным напрамкам работы банка ў цэлым. Прыкладна трэць усіх праектаў датычыцца гэтага напрамку. У грашовым выражэнні гэта 20-25 млрд еўра.
На пытанне аб планах ЕІБ па рэалізацыі іншых праектаў у Беларусі Вазіл Худак адказаў вядомай фразай: "Для танга патрэбны двое". "Недастаткова проста прадаставіць сродкі. Важна, каб з боку Беларусі былі згенерыраваны праектныя ідэі, пад што прадастаўляць фінансаванне", - дадаў ён. Адзін з важных крытэрыяў, па якім ЕІБ ацэньвае магчымасць свайго ўдзелу ў праекце, з'яўляецца яго эканамічны сэнс, ступень выгаднасці. Пры гэтым банк выключае свой удзел у палітычна матываваных праектах. "Мы, як банк, які садзейнічае развіццю, не прыходзім у краіну, каб замяніць камерцыйныя банкі. Калі праект можа быць рэалізаваны такім банкам, мы не ўмешваемся. Толькі калі на рынку ёсць прабелы, мы іх запаўняем, часта робім гэта ў супрацоўніцтве, з прыцягненнем камерцыйных банкаў", - растлумачыў Вазіл Худак.
З пункту гледжання крэдытаатрымальнікаў умовы ЕІБ лічацца больш прывабнымі, паколькі гэты банк без цяжкасці прадастаўляе фінансаванне на працяглы тэрмін.
Акрамя таго, віцэ-прэзідэнт ЕІБ выказаў сваё меркаванне аб правядзенні ў Беларусі структурных рэформ. "Калі Беларусь мае планы развівацца больш высокімі тэмпамі, чым 2,5-3 працэнты ВУП, то для гэтага трэба прыняць структурныя рэформы. Зразумела, гэта няпроста зрабіць. Многія такія рэформы ў краінах Еўропы былі балючымі, - адзначыў ён. - Але структурныя рэформы з'яўляюцца суверэнным рашэннем краіны. У гэтым выпадку - Беларусі. Са свайго боку мы гатовы аказаць падтрымку ў рэалізацыі такіх рэформ, прадаставіць экспертны вопыт, які назапашаны ў ЕС, расказаць, як праз гэтыя рэформы можна павышаць узровень прадукцыйнасці працы, і падзяліцца сваімі тэхналогіямі, ноу-хау".
Паводле яго слоў, Беларусь мае вялікі патэнцыял, тут шмат спецыялістаў з выдатным узроўнем адукацыі, перспектыўны ІТ-сектар і гэтым трэба карыстацца, развіваць існуючы патэнцыял.
Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) - адзін з буйнейшых у свеце шматбаковых інвестыцыйных банкаў. Створаны ў 1958 годзе, штаб-кватэра знаходзіцца ў Люксембургу. Акцыянерны капітал сфарміраваны 28 краінамі - членамі Еўрасаюза. Амаль 90 працэнтаў праектаў ЕІБ рэалізуе ўнутры ЕС, 10 працэнтаў - за яго межамі.
Першыя пагадненні з Беларуссю Еўрапейскі інвестыцыйны банк падпісаў у лістападзе 2018 года. Гэта былі крэдытныя пагадненні аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на суму 50 млн еўра з ААТ "Белаграпрамбанк" і 25 млн еўра з ААТ "Беларусбанк", а таксама аб рэканструкцыі Мінскай водаачышчальнай станцыі на суму 85 млн еўра.