Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

15 Ліп 2021

Адраджэнне прадпрыемстваў мае вялікае значэнне для рэгіёнаў - Галоўчанка

Адраджэнне прадпрыемстваў мае вялікае значэнне для рэгіёнаў - Галоўчанка

15 ліпеня, Івянец /Кар. БЕЛТА/. Адраджэнне прадпрыемстваў мае вялікае значэнне для рэгіёнаў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэм'ер-міністр сёння наведаў Івянецкі філіял ААТ "Кандытарская фабрыка "Слодыч". Там запушчана лінія па вытворчасці малочных, жэлейных, суфлейных і памадных цукерак. Кіраўніку ўрада далажылі аб ходзе мадэрнізацыі і перспектывах развіцця прадпрыемства.

Новы напрамак прадугледжвае павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці на кандытарскай фабрыцы і стварэнне новых рабочых месцаў у рэгіёне. Гэта важны праект па вырабе імпартазамяшчальнай прадукцыі, якую ў далейшым плануецца адпраўляць і на экспарт.

"Гэта адзін з даволі паспяховых прыкладаў, калі прадпрыемства фактычна са стадыі ліквідацыі пасля банкруцтва атрымлівае новае жыццё, адраджаецца, калі быццам бы непатрэбны, стратны актыў ва ўмелых руках і пры ўдачным збегу абставін ператвараецца ў прыбытковы. У ранейшых уласнікаў па розных прычынах бізнес не атрымаўся, прадпрыемства не магло абслугоўваць даўгі і пайшло ў працэдуру санацыі і наступнай ліквідацыі. Вельмі важна, што прадпрыемства падхапіў больш моцны канкурэнт - "Слодыч" - у адпаведнасці са сваёй стратэгіяй развіцця. У кароткі прамежак часу ўдалося не толькі адрадзіць вытворчасць, але і дабіцца даволі ўражальных паказчыкаў. Попыт перавышае вытворчыя магчымасці", - сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што шмат яшчэ трэба зрабіць. "Прадпрыемства доўгі час заставалася без значных інвестыцый, трэба наводзіць усюды парадак, займацца добраўпарадкаваннем. Але самае галоўнае, што яно атрымала новае жыццё. Для гарадскога пасёлка Івянец і яго жыхароў гэта мае вялікае значэнне, - падкрэсліў ён. - Акрамя таго, у "Слодыча" ёсць намер правесці аналагічную работу з Маладзечанскім кандытарскім прадпрыемствам. Мы яшчэ абмяркуем, як выкарыстаць гэты вопыт для іншых прадпрыемстваў краіны, якія з-за розных прычын апынуліся не ў лепшым стане. Трэба імі заняцца і ўдыхнуць новае жыццё".

Таксама Раман Галоўчанка правёў рабочую нараду з кіраўніцтвам Мінскага аблвыканкама і Валожынскага райвыканкама. "Сёння кіраўнікі далажылі сваё бачанне развіцця раёна ў бягучай пяцігодцы. Развіццё рэгіёнаў - ключавы аспект дынамічнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Мы шмат зрабілі для рэспубліканскіх прадпрыемстваў, Мінска, абласных цэнтраў, цяпер на парадку дня рэгіёны", - адзначыў ён. Абмяркоўваліся перспектывы развіцця галін у рэгіёне, а таксама інвестыцыі.

"Адна з задач - сканцэнтраваць увагу на камфортным сацыяльным жыцці насельніцтва, гэта значыць забяспечыць дзяцей адукацыяй, усіх жыхароў горада - медыцынскімі паслугамі, сферай забаў. Штогадова мы інвесціруем у нашы сацыяльныя аб'екты для іх развіцця. Напрыклад, плануецца капітальны рамонт хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта апошняе аддзяленне, якое яшчэ не мадэрнізавана", - расказаў журналістам старшыня Валожынскага райвыканкама Яўген Круковіч.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі