10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паміж адміністрацыяй Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі Камень", кампаніяй China Merchants Group і кампаніяй Sinomach 10 мая падпісана пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве ў галіне інвесціравання ў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэты ж дзень з кіраўніцтвам кітайскіх кампаній сустрэўся прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. "Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк разглядаецца нашымі кітайскімі партнёрамі ў якасці вузлавой платформы эканамічнага пояса Шаўковага шляху, і мы разлічваем, што кампанія China Merchants Group сапраўды пабудуе "сухі док" - магутную лагістычную кампанію, якая стане адным з самых важных элементаў нашага сумеснага парка", - сказаў прэм'ер-міністр.
China Merchants Group - знакавая кампанія, што прысутнічае практычна на ўсіх кантынентах планеты і мае каласальны вопыт работы ў індустрыяльных парках. "І гэта добра, што ў нас з'яўляецца такі партнёр, які можа даць дадатковы імпульс развіццю нашага парка", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Гаворачы аб супрацоўніцтве з кампаніяй Sinomach, Андрэй Кабякоў расказаў, што ўжо ёсць рэзультатыўныя сумесныя праекты. Ён адзначыў сумесную работу па мадэрнізацыі Бярозаўскай і Лукомскай ДРЭС. Цяпер гэтыя блокі эфектыўна функцыянуюць. Акрамя таго, рэалізуецца праект па мадэрнізацыі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната: будуецца вытворчасць сульфатнай беленай цэлюлозы. Бакі выйшлі на новы праект па вытворчасці віскознай цэлюлозы на базе гэтага камбіната. У сукупнасці ўсе гэтыя праекты павінны даць амаль $1 млрд.
Беларусь таксама разглядае гэтыя дзве кампаніі як вельмі важных стратэгічных партнёраў па стварэнні Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка.