12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Адміністрацыя Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт БелГПП.
Бакі дамовіліся развіваць узаемадзеянне ў мэтах стварэння спрыяльных умоў для пашырэння гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, устанаўлення кантактаў паміж бізнесменамі дзвюх краін, ператварэння індустрыяльнага парка "Вялікі камень" у важнейшую пляцоўку для міжнароднага дзелавога ўзаемадзеяння.
У адпаведнасці з пагадненнем БелГПП будзе праводзіць для рэзідэнтаў і інвестараў парка кансультацыі па пытаннях сертыфікацыі і іншых, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, узаемадзейнічаць з рэзідэнтамі і інвестарамі парка па правядзенні на яго тэрыторыі выставачна-кірмашовых і іншых міжнародных дзелавых мерапрыемстваў, распаўсюджваць інфармацыю аб дзейнасці парка сярод патэнцыяльных інвестараў, замежных гандлёва-прамысловых палат і іншых аб'яднанняў дзелавых колаў.
У сваю чаргу Адміністрацыя індустрыяльнага парка "Вялікі камень" будзе аказваць БелГПП садзейнічанне ў эфектыўным узаемадзеянні з рэзідэнтамі і інвестарамі парка, а таксама інфармацыйную падтрымку арганізуемым БелГПП мерапрыемствам.