26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыялог эканамічных ведамстваў - эфектыўная пляцоўка двухбаковага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі. Аб гэтым заявіла намеснік міністра эканомікі Беларусі Алеся Абраменка ў ходзе рабочай сустрэчы з намеснікам міністра эканамічнага развіцця РФ Дзмітрыем Вольвачам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі Беларусі.
Сустрэча праходзіла ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі і была прысвечана актуальным пытанням супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.
Паводле слоў Алесі Абраменка, у беларуска-расійскім супрацоўніцтве пераважаюць пазітыўныя трэнды. Узаемны тавараабарот па выніках паўгоддзя прыбавіў на 6,4 працэнта.
Адзначана важнасць сумеснай работы ў сферы развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Саюзнай дзяржаве. "Завершаны аналіз заканадаўства Беларусі і Расіі, што рэгламентуе правілы атрымання ліцэнзій, ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур для бізнесу. Прадоўжацца кансультацыі па пытаннях ўзаемнага прызнання звестак з рэестраў ліцэнзій. У будучым трохгадовым перыядзе прадугледжваецца стварэнне адзінага каталога франшыз Саюзнай дзяржавы, абмен вопытам у стварэнні лічбавых платформ для прадпрымальнікаў", - адзначыла намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства.
У ходзе сустрэчы абмеркаваны перспектыўныя напрамкі абмену вопытам паміж маскоўскімі тэхнапаркамі і тэхнапаркамі Беларусі, пытанні нарошчвання паставак беларускай сельскагаспадарчай і нафтахімічнай прадукцыі на расійскі рынак, узмацнення інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.
Асаблівая ўвага была ўдзелена ацэнцы эканамічных эфектаў ад рэалізацыі 28 саюзных праграм, што прадугледжана Дэкрэтам вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.
Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні сумеснага пасяджэння калегій Міністэрства эканомікі Беларусі і Мінэканамразвіцця Расіі.