17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ём прамысловай вытворчасці СЗАТ "БЕЛДЖЫ" ў першым паўгоддзі 2020 года павялічыўся на 11,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў Br262,3 млн. Размова аб гэтым ішла сёння на сустрэчы старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяны Рунец з калектывам прадпрыемства, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.
У час сустрэчы абмяркоўваліся ўмовы працы работнікаў, зарплаты, фінансава-эканамічная дзейнасць прадпрыемства. У складаных умовах, якія былі ў першым паўгоддзі ў сусветнай эканоміцы з-за пандэміі, "БЕЛДЖЫ" не спыняў канвеер. Усе заказы з заключанымі дагаворамі выконваліся без абмежаванняў. "Аб'ём прамвытворчасці за першае паўгоддзе 2020 года павялічыўся на 11,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Экспарт павялічыўся да $56,8 млн", - праінфармавалі ў прэс-службе.
У цэнтры ўвагі былі таксама шляхі паляпшэння якасных паказчыкаў развіцця прадпрыемства - выканання дысцыпліны разлікаў, недапушчэння росту пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасцей, пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах і пазыках і інш.
Сенатар наведала выставачную залу прадпрыемства, пабывала ў цэхах зваркі і зборкі, на ўчастку перадпродажнай падрыхтоўкі (PDI), а таксама асабіста пратэсціравала на трэку дзве новыя мадэлі - электрамабіль Geely Geometry A і маладзёжны гарадскі красовер Geely Coolray (SX-11). На думку Таццяны Рунец, беларускі аўтапрам дасягнуў значных поспехаў дзякуючы падтрымцы з боку дзяржавы. Якасць айчынных аўтамабіляў не ўступае шматлікім еўрапейскім брэндам, адзначыла яна.