19 сакавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць наведаў малочнатаварны комплекс "Абухава" СВК імя І.П. Сянько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Тут Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці за пяцігоддзе - 2016-2020 гады. ВРП вырас на 5 працэнтаў. Пры гэтым вытворчасць прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі павялічылася больш як на 14 працэнтаў, але адбылося зніжэнне ў сферы будаўніча-мантажных работ. Рэальная заработная плата за пяцігодку вырасла ў рэгіёне амаль на 30 працэнтаў. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі $372,5 млн. У Гродзенскай вобласці па выніку пяцігодкі склалася дадатнае сальда ў гандлі таварамі і паслугамі ў памеры больш як $2,6 млрд.
"Нават у 2020 годзе, які для ўсяго свету быў вельмі няпросты, удалося выканаць ваша даручэнне. Валавы рэгіянальны прадукт не знізіся - 100,1 працэнта (да ўзроўню 2019 года. - Заўвага БЕЛТА). Вельмі моцна дапамагла сельская гаспадарка, забяспечыўшы рост на ўзроўні амаль 8 працэнтаў. Вырас экспарт паслуг і тавараў, захаваўся былы ўзровень па прамых замежных інвестыцыях", - далажыў губернатар Уладзімір Каранік.
Ён таксама расказаў аб важнейшых сацыяльна значных інвестыцыйных праектах. Гэта, у прыватнасці, рэканструкцыя моста ў Гродне і будаўніцтва анкалагічнага дыспансера, а таксама коплексу па вытворчасці баваўнянай пражы ў Смаргоні і дрэваапрацоўчага завода ў Свіслачы. У цэлым інвестыцыйная актыўнасць не зніжаецца, развіваецца сфера лагістыкі.
Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то Уладзімір Каранік расказаў, што раслінаводства забяспечвае ўстойлівае развіццё жывёлагадоўчага комплексу. Забяспечаны рост асноўных паказчыкаў па вытворчасці малака без павелічэння дойнага статка. Іншымі словамі, больш высокі вынік дасягнуты дзякуючы павышэнню прадукцыйнасці працы, укараненню сучасных тэхналогій на малочнатаварных комплексах. Адпаведна ў разы вырас чысты прыбытак сельгаспрадпрыемстваў.
Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў дасягненні, але звярнуў увагу, што больш карэктна было б параўноўваць пяцігодку з пяцігодкай. "Не трэба захапляцца такімі паказчыкамі. 2015-ы і 2020 год мы ўзялі. 2020-ы быў нядрэнны, а якім быў 2015-ы", - адзначыў ён.
Было адзначана, што тым не менш у вобласці ёсць рэзервы для павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы. "Гродзенская вобласць можа яшчэ і павінна прыбаўляць. У вас не толькі па інтэнсіўнасці (надоі, якасць малака), але і па якасці трэба расці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Абмяркоўваліся і пытанні эфектыўнасці і аб'ёмаў вытворчасці малака ў вобласці, тэхналагічнай мадэрнізацыі ферм. Уладзімір Каранік заўважыў: "Каб было малако, патрэбны тры "К" - кадры, кармы, каровы". Вядуцца работы, каб вывесці на новы ўзровень забеспячэнне кармамі, але не менш важны і ўклад па лініі племянной справы.
Па пытанні гатоўнасці да веснавых палявых работ і пасяўной Уладзімір Каранік запэўніў: "Тут рызык не бачым. Ва ўстаноўленыя тэрміны, ёсць тэхніка, людзі, насенны фонд ужо гатовы".
Прэзідэнт нагадаў аб пытанні, на якое ён заўсёды звяртае вялікую ўвагу: каб "перапрацоўшчыкі не крыўдзілі вяскоўцаў па цане" пры закупках вырабленай прадукцыі.
Старшыня СВК Валерый Шумель падрабязна расказаў пра стан спраў на прадпрыемстве. Можна сказаць, што яно ў раёне і вобласці перадавое. Сярэдняя заработная плата ў СВК дасягнула Br1350. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за пяць гадоў вырасла на Br20 млн і дасягнула Br58 млн па выніках 2020 года, чысты прыбытак - Br12 млн, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі - 26,6 працэнта. "Гэта значыць, эканоміка ў гаспадарцы складваецца. Мы працуем у гэтым напрамку. Першае - рост прадукцыйнасці. За апошнія пяць гадоў прадукцыйнасць дойнага статка мы павялічылі на 124 працэнты - прыкладна 5 працэнтаў у год. Рэзервы для далейшага росту ёсць", - сказаў ён.
"Гэта значыць, заўтрашні дзень ты бачыш спакойна, без дадатковых плошчаў раллі?" - пацікавіўся Прэзідэнт.
Валерый Шумель адказаў сцвярджальна. Ён расказаў, што структура пасяўных плошчаў распрацавана такім чынам, каб забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі. "Мы працуем над эканомікай. Будуць грошы - будзе развіццё", - сказаў ён.
"Крэдытамі карыстаешся?" - прадоўжыў цікавіцца кіраўнік дзяржавы.
"Не, не карыстаемся", - упэўнена заявіў Валерый Шумель.
Больш таго, развіваючы вытворчасць, прадпрыемства не забывае і пра сацыяльную сферу - сваіх работнікаў. "У мінулым годзе пабудавалі 16-кватэрны дом за кошт сродкаў гаспадаркі. І ў чатырох дамах правялі капітальны рамонт. 20 сем'яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Так, прыходзіць моладзь, прыходзяць людзі збоку. На сённяшні дзень мы чаргу з маючых патрэбу практычна задаволілі, адзін чалавек застаецца. Але ўжо ёсць людзі, якія прыходзяць, пішуць заявы, мы ставім іх на чаргу. Калі спатрэбіцца, мы зноў будуем дом. За апошнія пяць гадоў пабудавалі два 16-кватэрныя дамы за кошт сродкаў гаспадаркі", - расказаў кіраўнік СВК.
Аляксандр Лукашэнка падрабязна і даволі доўга знаёміўся з работай СВК, у прыватнасці малочнатаварнага комплексу, цікавіўся дэталямі і падыходамі ў рабоце. Ужо наведваючы ў Гродне ААТ "Малочны свет", Прэзідэнт сказаў: "Паглядзелі, як вырабляюць, - вельмі добрае малако. Чысцыня там такая - не таму, што я туды прыехаў і там прыбралі. Як чалавек, які вырас на ферме, я бачу, дзе дрэнна, дзе добра. Бачу ў лабараторыі ў вас прэтэнзій да малака няма, і не толькі да "абухаўскага", але і ўвогуле ад сыравіннай зоны. Значыць, сістэма працуе".