Як атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Адукацыя | Навучанне ў Беларусі

Вышэйшая адукацыя ў Беларусі


Як атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі? Колькі каштуе навучанне ва ўніверсітэтах краіны? Якія магчымасці ёсць для замежных студэнтаў?

Якасная вышэйшая адукацыя – візітная картка Беларусі. Сярод краін СНД Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі па ўзроўні адукаванасці і якасці атрыманай адукацыі: аб'ём ведаў адпавядае высокім міжнародным стандартам.

У Беларусі працуе 49 устаноў вышэйшай адукацыі (УВА) – 42 дзяржаўныя, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні 12 міністэрстваў і ведамстваў, а таксама 7 прыватных. Сярод іх:

  • 35 універсітэтаў
  • 9 акадэмій
  • 5 інстытутаў

Акрамя таго, падрыхтоўка спецыялістаў з паглыбленай вышэйшай адукацыяй (магістрантаў) вядзецца Універсітэтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Акадэміяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Вышэйшая адукацыя ў Беларусі ўключае наступныя віды:

  • агульная вышэйшая адукацыя пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы бакалаўрыята, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў з прысваеннем кваліфікацыі і ступені "Бакалаўр" (тэрмін навучання – 4-4,5 года) – каля 260 спецыяльнасцей;
  • паглыбленая вышэйшая адукацыя пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы магістратуры, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў з прысваеннем ступені "Магістр" (1-2 гады) – каля 170 спецыяльнасцей;
  • спецыяльная вышэйшая адукацыя пры рэалізацыі бесперапыннай адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў з прысваеннем кваліфікацыі і ступені "Магістр" (5-6 гадоў) – больш за 40 спецыяльнасцей.

У Беларусі пастаянна вядзецца работа па ўзмацненні практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, чаму садзейнічае і цеснае супрацоўніцтва з арганізацыямі - заказчыкамі кадраў. На высокатэхналагічных прадпрыемствах краіны, у кампаніях Парка высокіх тэхналогій (аднаго з буйнейшых IT-кластараў Усходняй Еўропы), інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама іншых установах эканомікі і сацыяльнай сферы функцыянуе больш за 1 100 філіялаў кафедраў.

Таксама ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі працуе:

  • больш за 80 сумесных з вядучымі сусветнымі кампаніямі лабараторый;
  • каля 50 адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній.

З улікам сусветных трэндаў і прагнозаў на рынку працы, а таксама вырашэння перспектыўных задач эканомікі Беларусі ў сістэме вышэйшай адукацыі ўкараняюцца новыя падыходы пры падрыхтоўцы спецыялістаў. Цяпер ва ўстановах вышэйшай адукацыі рэалізуюцца маштабныя праекты "Універсітэт 3.0" і "Лічбавы ўніверсітэт".

У рамках мадэлі "Універсітэт 3.0" асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню асяроддзя для развіцця інавацыйнай і вынаходніцкай дзейнасці вучоных, педагогаў і навучэнцаў. Сёння інавацыйная інфраструктура ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі ўключае:

  • 8 цэнтраў калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем і прыборамі,
  • 33 галіновыя навукова-тэхнічныя лабараторыі,
  • 3 акрэдытаваныя цэнтры трансферу тэхналогій,
  • 6 навукова-тэхналагічных паркаў, 113 стартап-цэнтраў,
  • Міжвузаўскі цэнтр маркетынгу навукова-даследчых распрацовак.

Рэалізацыю праекта "Універсітэт 3.0" ажыццяўляюць 13 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, у тым ліку 5 рэгіянальных.

Праект "Лічбавы ўніверсітэт", які з 2018 года рэалізуюць 13 устаноў вышэйшай адукацыі, накіраваны на развіццё трох асноўных кампанентаў:

  • інфраструктура і інструменты доступу да інфармацыйных рэсурсаў;
  • інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе, у тым ліку дыстанцыйнай адукацыі;
  • лічбавізацыя працэсаў кіравання ўніверсітэтам (бізнес-працэсаў).

Беларускія ВНУ паказваюць добрыя вынікі ў міжнародных рейтынгах. Напрыклад, лідар беларускай вышэйшай адукацыі – БДУ – уваходзіць у топ-300 сярод 30 тысяч універсітэтаў, дзеючых па ўсім свеце.

У рэйтынгу Webometrics (ад Сybermetrics Lab – даследчай групы іспанскага Нацыянальнага даследчага савета (CSIC) на 1 ліпеня 2023 года сярод 5 тысяч лепшых універсітэтаў свету прадстаўлены наступныя беларускія ВНУ (пазіцыя):

  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1050)
  • Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (3291)
  • Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (3428)
  • Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (3507)
  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (3904)
  • Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (4256)
  • Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (4759)
  • Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (4821)

У рэйтынгу QS (ад англійскай кампаніі Quacquarelli Symonds), які на 2024 г. вызначыў 1500 лепшых універсітэтаў свету, знаходзяцца: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (387-я пазіцыя), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (801-850), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (1201-1400).

У рэйтынгу SIR (ад групы Scimago – навукова-даследчай арганізацыі, якая аб'ядноўвае членаў Вышэйшага савета па навуковых даследаваннях з шэрага буйнейшых універсітэтаў Іспаніі) за 2023 г. прадстаўлены Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (5501), Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (7680), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (8098), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (8165), Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (8320), Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (8381), Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (8396).

У прэстыжны сусветны рэйтынг універсітэтаў Times Higher Education (THE), які на 2024 г. уключае больш за 1900 універсітэтаў 108 краін і тэрыторый, уваходзіць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У спісе прэтэндэнтаў – шэсць універсітэтаў: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Топ-5 буйнейшых ВНУ Беларусі

  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) – 22,9 тыс. студэнтаў
  • Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ) – 21,1 тыс. студэнтаў
  • Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (БДЭУ) – 14,4 тыс. студэнтаў
  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) – 12,6 тыс. студэнтаў
  • Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы (ГрДУ імя Я.Купалы) – 10,6 тыс. студэнтаў

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэтГалоўная ВНУ краіны – БДУ – уваходзіць у 1% лепшых універсітэтаў свету. Ён уключаны ў 9 глабальных і 13 прадметных рэйтынгаў, у тым ліку "вялікай тройкі", што аб'ядноўвае самыя аўтарытэтныя рэйтынгі з 1000 лепшых універсітэтаў планеты. БДУ, які адзначыў у 2021-м 100-годдзе, сёння з'яўляецца маштабным комплексам, што аб'ядноўвае: 27 факультэтаў, інстытутаў і ўстаноў, 177 кафедр, 100 навукова-даследчых лабараторый (у тым ліку 60 студэнцкіх), 4 навукова-даследчыя інстытуты, 2 навуковыя цэнтры і 1 стартап-цэнтр, 6 інавацыйных вытворчых  прадпрыемстваў, 3 вучэбна-доследныя станцыі, 6 музеяў, 1 навукова-тэхналагічны парк. Электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у пяцёрку лепшых універсітэцкіх рэпазіторыяў свету (The Ranking Web of World repositories).

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэтЛідар інжынернай адукацыі ў Беларусі – БНТУ – адлічвае сваю гісторыю з 1920 года, калі быў створаны Беларускі політэхнічны інстытут. А сёння гэта адзіная ВНУ краіны са статусам нацыянальнай. Больш за 30 тысяч яе студэнтаў атрымліваюць адукацыю, што ахоплівае амаль усе магчымыя тэхнічныя напрамкі. Універсітэт аб'ядноўвае 16 факультэтаў, 9 каледжаў і 6 інстытутаў, 32 навукова-даследчыя лабараторыі, Навукова-тэхналагічны парк, 20 інавацыйных прадпрыемстваў, стартап-школу і FABLAB, доследны завод. Таксама ёсць свае інтэрнаты, спартыўныя збудаванні і санаторый-прафілакторый. У БНТУ функцыянуе першы ў свеце Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы.

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэтБДЭУ – флагман эканамічнай адукацыі Беларусі, і, зразумела, тут прадстаўлены самы шырокі дыяпазон спецыяльнасцей у галіне эканомікі, фінансаў, менеджменту, маркетынгу. Вялікі ўпор у навучанні студэнтаў робіцца на валоданні сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і замежнымі мовамі. Напрыклад, самы малады факультэт – лічбавай эканомікі – рыхтуе прафесіяналаў на стыку эканомікі і IT, рэдкіх спецыялістаў у сферы аналітыкі вялікіх даных. У складзе ўніверсітэта – 11 факультэтаў, Інстытут сацыяльна-гуманітарнай адукацыі, Інстытут магістарскай падрыхтоўкі і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі эканамічных кадраў, тры каледжы, навучальныя і навуковыя лабараторыі, студэнцкі гарадок.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікіБДУІР – галоўная ВНУ па падрыхтоўцы спецыялістаў сферы інфармацыйных тэхналогій – уваходзіць у топ самых запатрабаваных універсітэтаў Беларусі. Сёння гэта вялікі навучальна-навукова-інавацыйны комплекс, які аб'ядноўвае 8 факультэтаў, 32 кафедры, навукова-даследчую частку, Інстытут інфармацыйных тэхналогій (2 факультэты і 4 кафедры). Акрамя таго, ва ўніверсітэце працуюць 12 адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній: Адукацыйны цэнтр National Instruments, Цэнтр кампетэнцый тэхналогій IBM, Філіял сеткавай Акадэміі Cisco, Акадэмічны цэнтр SAP па праграмах супрацоўніцтва SAP з ВНУ "Універсітэцкі альянс", Android Software Center, INTES, A1QA, Huawei…

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі КупалыГрДУ імя Янкі Купалы не толькі самы вялікі з рэгіянальных універсітэтаў Беларусі, але і адзін з нямногіх шматпрофільных, вядучых падрыхтоўку па шырокім спектры спецыяльнасцей і хутка рэагуючых на запатрабаванні рынку. У незалежных міжнародных рэйтынгах ён таксама традыцыйна ўваходзіць у лік лепшых беларускіх ВНУ. У яго складзе – 15 факультэтаў, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, 4 каледжы, РУП УНПЦ "Тэхналаб" у статусе навукова-тэхналагічнага парка, Цэнтр трансферу тэхналогій. ГрДУ стаў першым несталічным універсітэтам, які ўвайшоў у праект укаранення модэлі "Універсітэт 3.0". Ён цесна супрацоўнічае з кампаніямі рэальнага сектара эканомікі, у тым ліку ў сферы распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных прадуктаў і тэхналогій, падтрымлівае сувязі з больш як 150 замежнымі ўніверсітэтамі.

Ужо многія дзесяцігоддзі ў спіс самых запатрабаваных ВНУ як для беларускіх абітурыентаў, так і замежных уваходзяць медыцынскія ўніверсітэты. Іх у Беларусі чатыры:

  • Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт
  • Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт
  • Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт
  • Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт

Поўны спіс вышэйшых навучальных устаноў Беларусі з кантактнай інфармацыяй – тут.

Вышэйшая адукацыя для іншаземцаў у Беларусі

Беларусь з'яўляецца членам Гаагскай канвенцыі аб спрошчанай працэдуры легалізацыі дакументаў, а таксама Лісабонскай канвенцыі аб прызнанні кваліфікацый вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскім рэгіёне.

Цяпер у 49 установах вышэйшай адукацыі Беларусі навучаецца больш за 30 тысяч замежных грамадзян з амаль 120 краін свету. Студэнтам прапануюць праграмы падрыхтоўкі бакалаўраў і магістраў на рускай і англійскай мовах.

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія паступаюць ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь, могуць вучыцца на платнай аснове:

  • па выніках падагульняючай атэстацыі пры асваенні адукацыйнай праграмы падрыхтоўчага аддзялення і атрыманні пасведчання аб заканчэнні падрыхтоўчага аддзялення ўстаноўленага ўзору;
  • па выніках гутаркі, якая ўстанаўлівае ўзровень валодання мовай, на якой ажыццяўляецца адукацыйны працэс, у аб'ёме, дастатковым для асваення зместу адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі.

Таксама ёсць магчымасць атрымання адукацыі за кошт грантаў на навучанне (у тым ліку ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь) – па выніках адбору, які праводзіцца ў парадку, што ўстанаўліваецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі:

  • на ўмовах, прадугледжаных для замежных грамадзян;
  • на ўмовах, прадугледжаных для грамадзян Рэспублікі Беларусь (на бюджэтнай і платнай аснове - па выніках цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ).

Як замежныя студэнты паступаюць ва ўніверсітэты Беларусі?

Падрабязная інфармацыя па пытаннях паступлення размешчана на сайтах устаноў вышэйшай адукацыі, а таксама на афіцыйным сайце аб вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь для замежных грамадзян – STUDY IN BELARUS

Карысныя спасылкі для тых, хто паступае ва ўніверсітэты Беларусі

Колькі каштуе навучанне ў Беларусі?

Кошт навучання ў Беларусі для замежных грамадзян залежыць ад выбранай праграмы навучання, установы адукацыі, спецыяльнасці і можа складаць у сярэднім ад 1100 да 5000 USD за навучальны год.

Жыллё для замежных студэнтаў

Усе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі маюць аддзелы па забеспячэнні жыллём, якія аказваюць дапамогу ў атрыманні дазволу на часовае пражыванне, дапамагаюць знайсці месца жыхарства. Большасць студэнтаў пражываюць у студэнцкіх інтэрнатах. Гэта камфортна і даволі танна.

У Мінску пабудавана Студэнцкая вёска – маштабны сучасны комплекс, дзе жывуць студэнты 7 сталічных ВНУ, у тым ліку іншаземцы. Акрамя 9 вялікіх інтэрнатаў, на тэрыторыі гарадка размешчаны дзіцячы сад, паліклініка, гандлёвы цэнтр, cпартыўны цэнтр і лядовая арэна. У кожным інтэрнаце працуюць трэнажорныя залы, сталовыя, кафэ, медыцынскія пункты.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі