Дранікі – адна з самых вядомых і любімых страў беларускай кухні.
І хоць бліны з бульбы па падобных рэцэптах гатуюць у розных краінах свету, беларускія дранікі заваявалі папулярнасць дзякуючы асабліваму смаку, нацыянальным кулінарным сакрэтам і ўласцівасцям беларускай бульбы.
Унікальнасць беларускай бульбы – у яе цудоўных кулінарных якасцях і ў высокай колькасці крухмалу ў саставе, што робіць стравы асабліва смачнымі.
Сёння Беларусь не з’яўляецца лідарам па аб’ёмах вырошчвання бульбы ў свеце, але менавіта наша краіна першынствуе па яе колькасці на душу насельніцтва і спажыванні. Паводле статыстыкі, беларус з’ядае больш за 180 кілаграмаў бульбы за год.
І сапраўды, у нацыянальнай беларускай кухні такое мноства страў з бульбы, што кожны раз яе можна гатаваць па-новаму. Акрамя таго, сёння старадаўнія рэцэпты дапаўняюцца цікавымі прадуктамі і соусамі, становяцца больш лёгкімі і дыетычнымі, але застаюцца нязменна смачнымі.
Рэцэпты бліноў з дранай бульбы, падобныя на беларускія дранікі, ёсць у нямецкай і чэшскай, ірландскай і нарвежскай, амерыканскай і ўкраінскай кухнях.
Але ў кожнай краіне для прыгатавання стравы існуюць асаблівыя кулінарныя сакрэты, і вядома, выкарыстоўваецца свая бульба, ад уласцівасцей якой шмат у чым залежыць смак.
У Беларусі дранікі сталі вельмі папулярныя з ХІХ стагоддзя. Часцей за ўсё іх елі на снеданне, бо гэта не толькі смачная, але і вельмі сытная страва.
Найлепшым дапаўненнем да гарачых бульбяных бліноў была свежая свойская смятана, што і з’яўляецца самым знакамітым варыянтам падачы беларускіх дранікаў. Акрамя таго, дранікі елі з мачанкай, маслам, смажанымі скваркамі з цыбуляй.
У нацыянальнай кухні ёсць і іншыя спосабы падаць страву, напрыклад, у гаршчочках. Для гэтага да гатовых дранікаў дабаўляюць абсмажаныя цыбулю, моркву, грыбы, свойскія каўбаскі і вяршкі, а тушаць у печы або духоўцы.
Аснова традыцыйных беларускіх дранікаў – бульба, цыбуля, соль і алей для смажання. І гэтага цалкам дастаткова, калі вы гатуеце іх са смачнай беларускай бульбы з высокай колькасцю крухмалу ў саставе.
У класічныя беларускія дранікі не дабаўляюцца мука або яйкі ў якасці змацавальнага інгрэдыенту. Калі цеста рэдкае, у беларускіх гаспадынь ёсць другі сакрэт – зліць з надранай бульбы крыху соку, а потым дабавіць у цеста крухмал, які асеў на дне ёмістасці з сокам.
Зрэшты, вы можаце пафантазіраваць і на свой густ крыху змяніць класічны рэцэпт дранікаў, дабавіўшы ў цеста яйкі, муку, спецыі.
Бульбу абабраць, прамыць і надраць на дробнай тарцы разам з цыбуляй (для захавання светлага колеру). Пасаліць і добра перамяшаць да аднароднай кансістэнцыі.
На патэльні разагрэць алей і выкладаць бульбяное цеста ў выглядзе невялікіх аладак. Абсмажыць дранікі з аднаго боку прыкладна 2-3 мінуты да з’яўлення румянай скарыначкі. Затым перавярнуць на другі бок, абсмажыць яшчэ 1-2 мінуты.
Падаваць на стол гарачымі са смятанай.
Можна таксама падаць дранікі з мочанымі брусніцамі, смятанна-яблычным або смятанна-цыбульным соусам, мачанкай. Або згатаваць дранікі ў гаршчочку – з мясам, каўбаскамі, грыбамі…
У рэцэптах нацыянальнай беларускай кухні вы знойдзеце мноства іншых страў з бульбай, якія абавязкова дапамогуць парадаваць блізкіх і здзівіць гасцей.