Нацыянальная бібліятэка – візітная картка Беларусі. Сёння гэта не толькі найбагацейшы збор кніг, але і вялікі мультыфункцыянальны цэнтр, дзе спалучыліся высокія тэхналогіі, ультрасучасны дызайн і незвычайная архітэктура.
Галоўная бібліятэка краіны была заснавана ў 1922 годзе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце і атрымала назву Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі. Першапачаткова яе фонды налічвалі 60 тыс. экзэмпляраў.
У 1926 годзе Беларуская дзяржаўная бібліятэка стала самастойнай установай. Тады ж прынята рашэнне аб будаўніцтве для яе новага будынка.
Вядомы беларускі архітэктар Георгій Лаўроў стварыў незвычайны праект, у якім увасобіў матэматычную сістэму каардынат. Сёння ў гэтым будынку – адным з нямногіх помнікаў эпохі канструктывізму ў Беларусі – засядае Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларуская дзяржаўная бібліятэка імя Леніна страціла каля 83 % фондаў і спецыяльнае абсталяванне. Поўнасцю вывезены фонды рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента і чытальных залаў, разам з літаратурай спалены будынак рэзервовага фонду.
У пасляваенныя дзесяцігоддзі бібліятэка адраджалася і развівалася, пашыраючы зборы, наладжваючы міжнародныя сувязі.
У 1992 годзе, ужо ў суверэннай дзяржаве, яна атрымала новую назву – Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
З цягам часу фонды значна павялічыліся, таму ўзнікла неабходнасць будаўніцтва новага, больш маштабнага і сучаснага будынка.
Яшчэ ў 1989 годзе быў праведзены ўсесаюзны конкурс на лепшы праект будучага збудавання. Яго пераможцы– архітэктары Віктар Крамарэнка і Міхаіл Вінаградаў – прапанавалі мадэль "беларускага алмаза", у якім спалучаліся функцыянальнасць і сучасны дызайн.
Ідэя прадугледжвала ўзвядзенне арыгінальнага будынка ў выглядзе ромбакубаактаэдра – складанага шматгранніка з 18 квадратаў і 8 трохвугольнікаў, размешчанага на падстаўцы-подыуме (стылабат). Паверхня гэтага "брыльянта" пакрыта шклом.
Паводле задумы аўтараў, форма аграненага алмаза сімвалізуе каштоўнасць ведаў і бясконцасць пазнавальнага свету.
Тым не менш, да моманту зацвярджэння і рэалізацыі смелага праекта мінула 13 гадоў.
Грандыёзнае будаўніцтва, у якім было задзейнічана амаль 5000 чалавек і 200 арганізацый, пачалося ў 2002 годзе. У напружаныя перыяды штодзень на пляцоўцы знаходзілася да 3000 чалавек. Работы вяліся 24 гадзіны ў суткі.
Адкрыццё Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з удзелам Прэзідэнта адбылося 16 чэрвеня 2006 года.
Нацыянальная бібліятэка размешчана ў паркавай зоне Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы. Перад фасадом будынка ўстаноўлена бронзавая фігура беларускага першадрукара Францыска Скарыны (аўтары Аляксандр Дранец і Віктар Крамарэнка).
Галоўны ўваход сімвалічна выкананы ў выглядзе раскрытай кнігі з выявамі на тэму развіцця сусветнага і славянскага пісьменства, а таксама словамі з Бібліі Францыска Скарыны "Каб быў дасканалым Божы чалавек" на 19 мовах свету.
У афармленні інтэр’ера бібліятэкі выкарыстаны творы сучасных беларускіх мастакоў, скульптараў.
Аўтары праекта НББ і іншых знакамітых збудаванняў – Віктар Крамарэнка і Міхаіл Вінаградаў – двойчы лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Галоўная бібліятэка краіны – сучасны інфармацыйны, навукова-даследчы, сацыякультурны і сацыяпалітычны цэнтр.
Дырэктар бібліятэкі – доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі.
Збор "алмаза ведаў" складае каля 9 млн экзэмпляраў на розных носьбітах. Гэта друкаваныя выданні, рукапісы, мікракопіі дакументаў, электронныя і іншыя матэрыялы, створаныя ў Беларусі і іншых краінах свету на больш як 80 мовах.
У распараджэнні наведвальнікаў бібліятэкі – разнастайныя інфармацыйныя рэсурсы і фонды:
Асноўная частка фондаў размешчана на 10 паверхах сховішча. Больш за паўмільёна экзэмпляраў знаходзіцца ў адкрытым доступе і ў чытальных залах. Электронныя рэсурсы даступныя з аўтаматызаваных месц у бібліятэцы, частка – праз Інтэрнэт.
У 2005 годзе згодна з даручэннем Прэзідэнта Беларусі ў бібліятэцы створаны Цэнтр міжнародных сустрэч і перагавораў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.
Ён аснашчаны шматфункцыянальным сучасным абсталяваннем і прыборамі спецыяльнай сувязі, што дае магчымасць праводзіць самыя буйныя палітычныя, культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы. Тут адбыліся:
Пачэснымі гасцямі Нацыянальнай бібліятэкі былі прэзідэнты, кіраўнікі ўрадаў і парламентаў краін свету, кіраўнікі міжнародных арганізацый, вядомыя вучоныя, пісьменнікі, мастакі.
У сацыякультурным цэнтры бібліятэкі арганізуюцца:
Штогод праходзяць Дні культуры народаў, у рамках якіх можна ўбачыць кніжныя, мастацкія і фотавыстаўкі.
У бібліятэцы праводзяцца разнастайныя пазнавальныя экскурсіі:
Кошт экскурсіі:
Прастора архітэктурнага збудавання шматфункцыянальна і аснашчана сучасным абсталяваннем.
Агульная плошча будынка – 113 669 кв. м, а гэта чвэрць ад плошчы Ватыкана. Вага будынка складае 140 тысяч тон, што прыкладна ў 14 разоў больш за Эйфелеву вежу (з кнігамі і абсталяваннем – каля 270 тысяч тон).
Бібліятэка ўмяшчае ў сабе:
У сацыякультурны цэнтр уваходзяць:
Адна з унікальных асаблівасцей праекта – размяшчэнне фондасховішча ў верхняй частцы будынка бібліятэкі для гідраізаляцыі і падтрымання камфортных умоў захоўвання кніг.
На першым паверсе ў вестыбюлі-атрыуме знаходзяцца даведачна-рэгістрацыйная і інфармацыйная службы, экскурсійнае бюро.
У бібліятэцы прадугледжаны спецыяльна абсталяваныя рабочыя месцы для людзей са слабым зрокам і сляпых, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Асаблівай увагі заслугоўвае адкрытая аглядная пляцоўка, якая знаходзіцца на вышыні 73 м у верхняй частцы фондасховішча бібліятэкі. Наведвальнікі могуць убачыць маляўнічыя краявіды сталіцы і разгледзець аддаленыя аб’екты з дапамогай бінокля панарамнага віду.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі – гэта ўзор "інтэлектуальнага будынка" з сучаснымі інфармацыйна-тэхналагічнымі і інжынернымі сістэмамі.
Новая аўтаматызаваная бібліятэчная сістэма і праграмнае забеспячэнне прадастаўляюць карыстальнікам мноства зручных опцый:
Будынак пабудаваны па прынцыпу "тэрмаса", што дае магчымасць падтрымліваць пастаянную тэмпературу паветра ўнутры памяшканняў. Тэхналагічныя калідоры ўздоўж знешніх сцен ствараюць праслойку, якая прадухіляе перапады тэмпературы.
Электразабеспячэнне бібліятэкі забяспечваюць 3 падстанцыі і 2 трансфарматары, якія нават у экстрэмальнай сітуацыі забяспечваюць асвятленне і работу відэакамер у VIP-зоне і Прэзідэнт-цэнтры.
У вячэрні час фасад будынка ператвараецца ў шматкаляровы святлодыёдны экран з больш як 4500 крыніц. Усяго даступны больш за 20 варыянтаў колеравых эфектаў, якія ўтвараюцца з дапамогай больш як 65 тысяч адценняў. Гэта самы вялікі рэкламны носьбіт у краіне – 1 485 кв.м.
У Нацыянальнай бібліятэцы рэалізуюцца сучасныя сістэмы бяспекі і аховы.
Нацыянальная бібліятэка размешчана на галоўнай гарадской магістралі на паўночным усходзе Мінска. Адрас – праспект Незалежнасці, 116.
Самы хуткі спосаб дабрацца да Нацыянальнай бібліятэкі – спусціцца ў мінскае метро і праехаць да станцыі "Усход" (1-я лінія). Можна скарыстацца наземнымі відамі транспарту: аўтобусамі і тралейбусамі, прыпынкі "Нацыянальная бібліятэка" або "вуліца Філімонава".