Легендарны край блакітных азёр, старажытных гарадоў і старадаўніх помнікаў, які даў свету такія імёны, як Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Марк Шагал, Жарэс Алфёраў, Іван Чэрскі, Леў Выгоцкі… Менавіта на віцебскай зямлі сусветна вядомы авангардыст Казімір Малевіч напісаў галоўную працу аб супрэматызме, а таленавіты жывапісец Ілья Рэпін стварыў амаль 40 карцін і малюнкаў. Унікальныя прыродныя жамчужыны Віцебшчыны – нацыянальны парк "Браслаўскія азёры", які славіцца сотнямі маляўнічых азёр і астравоў, ландшафтны заказнік "Ельня", дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх у Еўропе масіваў старадаўніх вярховых балот і ледавіковых азёр.
Згодна з легендай, горад ля берагоў Заходняй Дзвіны і Віцьбы заснавала ў 947 годзе княгіня Вольга. Праз стагоддзі яму наканавана было стаць сусветнай скарбніцай талентаў: у Віцебску жылі і тварылі выдатныя мастакі Марк Шагал, Казімір Малевіч, Восіп Цадкін, Іван Пуні, філосафы Мікалай Лоскі і Міхаіл Бахцін… І сёння горад з'яўляецца буйнейшым культурным цэнтрам Беларусі, сталіцай унікальнага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар". Сярод галоўных выдатных мясцін Віцебска – ансамбль Ратушнай плошчы, Васкрасенская царква, губернатарскі палац, Свята-Успенскі кафедральны сабор і знакаміты Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.
Асаблівая гордасць Віцебска – самая разгалінаваная ў Беларусі трамвайная сістэма, якой ужо больш за 110 гадоў.
Самы вядомы ўраджэнец Віцебска Марк Шагал – адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў сусветнага авангарда XX стагоддзя. У спадчыне майстра – жывапісныя палотны, ілюстрацыі да паэзіі Андрэ Брэтона, Блеза Сандрара, Гіёма Апалінэра, афармленне балетаў "Алека" Леаніда Мясіна і "Жар-птушка" Джорджа Баланчына, размалёўка парыжскай Оперы Гарнье, а таксама скульптура, кераміка, графіка… Усё жыццё мастак захоўвае ўсхваляваную любоў да роднага горада: яго дахі, храмы, людзі ёсць на кожным шагалаўскім палатне. Віцебскі дом-музей – адна з самых багатых калекцый Шагала ў свеце – больш за 300 арыгінальных графічных работ і рэпрадукцыі самых вядомых карцін.
Віцебск, вуліца Пакроўская, 11
11.00 – 18.30, выхадныя: з 1 кастрычніка па 1 сакавіка – панядзелак, аўторак; з 1 сакавіка па 1 кастрычніка – панядзелак
Акрамя дома-музея, у Віцебску дзейнічае арт-цэнтр Марка Шагала (вуліца Путна, 2), дзе праводзяцца выстаўкі графічных работ майстра, традыцыйныя Шагалаўскія чытанні, якія збіраюць даследчыкаў жыцця і творчасці генія XX стагоддзя.
Музей вялікага мастака-перасоўніка Ільі Рэпіна размешчаны ў наваколлі Віцебска. У 1892 годзе на ганарар за адну са сваіх вядомых карцін "Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану", прададзеную Аляксандру III, майстар купіў сядзібу Сафіеўка, вярнуўшы ёй старую назву Здраўнёва. Тут былі створаны больш за 40 палотнаў ("Асенні букет", "Беларус", "Дуэль", "Месячная ноч", "На сонцы"), шматлікія малюнкі, эцюды і эскізы… Іх разам з фатаграфіямі, кнігамі і пісьмамі можна ўбачыць у музеі адноўленай сядзібы. Сярод самых каштоўных экспанатаў – абразы Хрыста і Маці Божай з дзіцем, напісаныя для іканастаса Слабадскога храма, ля сцен якога пахаваны бацька мастака. У Здраўнёве захаваліся і ліпавыя прысады, пасаджаныя самім Рэпіным.
У музеі-сядзібе часта праходзяць творчыя сустрэчы, выстаўкі і пленэры сучасных жывапісцаў.
За 16 км на поўнач ад Віцебска ў бок г.п. Руба
Летапісная гісторыя аднаго са старажытных гарадоў Усходняй Еўропы пачынаецца з першага згадвання ў 862 годзе ў "Аповесці мінулых гадоў". Полацк быў вялікім рамесным і гандлёвым цэнтрам, праз які праходзіў адзін з галоўных маршрутаў вялікага шляху "з варагаў у грэкі". Гэта "калыска" беларускай дзяржавы і культуры, сталіца першага княства, радзіма выдатных славянскіх асветнікаў Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага. Самы старажытны горад Беларусі беражліва захоўвае сваю культурную спадчыну – велічныя храмы і праваслаўныя святыні, у тым ліку адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай.
Паводле разлікаў вучоных, менавіта ў Полацку знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы. Тут устаноўлены памятны знак, і кожны госць можа атрымаць сертыфікат аб сваім знаходжанні ў гэтым асаблівым месцы.
Віцебская вобласць
Сабор Сафіі Прамудрасці Божай – адзін з самых ранніх праваслаўных храмаў у Еўропе і першы мураваны ў Беларусі – уключаны ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пабудаваны ў 1044 – 1066 гадах па распараджэнні князя Усяслава Чарадзея, ён увасабляў незалежнае і магутнае Полацкае княства. Сабор з’явіўся пасля сваіх "старэйшых сясцёр" у Кіеве і Ноўгарадзе, пабудаваных на ўзор сабора ў Канстанцінопалі, і стаў чацвёртым у свеце храмам Святой Сафіі. У сярэдзіне XVIII стагоддзя ён быў значна перабудаваны ў самабытным стылі віленскага барока.
У нашы дні тут можна ўбачыць старадаўнія фрэскі і копію знакамітай работы Леанарда да Вінчы "Тайная вячэра", паслухаць шэдэўры беларускай і замежнай арганнай музыкі, наведаць музей гісторыі архітэктуры сабора.
Полацк, вул. Замкавая, 1
Мястэчка на беразе маляўнічага возера Мёрскае вядома з 1514 года як сядзіба Мярэя, якая належала ваяводзе Івану Сапегу, а затым – знакамітаму роду князёў Святаполк-Мірскіх. Сучасныя Міёры – утульны горад з захаванай архітэктурай ХVIII – XIX стагоддзяў, прыгожай набярэжнай працягласцю каля 500 метраў. Галоўная выдатная мясціна горада – пабудаваны ў 1907 годзе неагатычны касцёл Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі (Успенскі), дзе захаваліся рэдкія абразы і скульптуры XIX стагоддзя. Цікавыя і ўстаноўленыя ў наш час кампазіцыі: адзіны ў Еўропе помнік ненароджанаму дзіцяці (1991), скульптура Багародзіцы з дзіцем Ісусам (1998), помнік Папу Рымскаму Іаану Паўлу II.
За 238 км ад Мінска і 190 км ад Віцебска
У Міёрскім раёне размешчаны самы маленькі горад Беларусі – Дзісна, які яшчэ ў 1569 г. атрымаў Магдэбургскае права і свой герб "Ладдзю". Тут жа знаходзіцца сярэдзіна ракі Заходняй Дзвіны, у якую ўпадае аднайменная з гарадком Дзісна.
Адзін з самых вялікіх у Еўропе масіваў старажытных вярховых балот і ледавіковых азёр знаходзіцца ў беларускім Паазер’і. Прыродны помнік з унікальнай флорай і фаўнай мае міжнародны ахоўны статус: тэрыторыі, важнай для птушак (з 1981 года), Рамсарскага угоддзя (2002), ключавой батанічнай тэрыторыі (2005). Асаблівая гордасць заказніка – існуючае ўжо больш за 9 тысячагоддзяў балота Ельня, плошча якога складае амаль 20 тысяч га. Восенню гэтыя мясціны ператвараюцца ў сапраўдны "птушыны рай": на балоце спыняюцца больш за 4 тысячы шэрых жураўлёў і 10 тысяч гусей. Тут жа збіраюць самыя вялікія ўраджаі журавін.
Паназіраць за чарадой птушак, прайсціся па экасцяжыне і адчуць пад нагамі дрыгву, а таксама пакаштаваць незвычайныя стравы і напіткі з журавін можна на штогадовым экалагічным фестывалі "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю".
Міёрскі раён
Горад Браслаў, вядомы ў пісьмовых крыніцах з 1065 года, размешчаны ў самым сэрцы азёрнага краю Беларусі: толькі ў радыусе 30 км ад яго налічваецца тры дзясяткі азёр, і сам горад з усіх бакоў акружаны люстраной роўняддзю вады. Буйнейшая з навакольных "жамчужын" – возера Дрывяты – пятае па велічыні ў Беларусі. Убачыць гэта прыроднае хараство можна з самага цэнтра Браслава, дзе захавалася старажытнае гарадзішча Замкавая гара. Горад, на гербе якога адлюстраваны хрысціянскі сімвал – вока Божай апекі, славіцца і духоўнымі святынямі. Сярод іх касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (канец ХIХ ст.), дзе захоўваецца цудатворны Браслаўскі абраз Маці Божай – Каралева азёр, заступніца і апякунка краю.
За 240 км ад Віцебска
Новай славутасцю горада, прыкметнай здалёк, сталі вялікія літары назвы "БРАСЛАЎ" і выява герба на схіле ля берага возера Дрывяты. Надпіс з начной падсветкай расцягнуўся на 15 метраў.
Цікавы Браслаў і падзеямі: кожны год тут праходзяць фестываль сярэдневяковай культуры "Меч Брачыслава", міжнароднае свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы", музычна-спартыўны фестываль і парусная рэгата VIVA BRASLAV, музычны фестываль "Жывое неба Браслава".
Старажытны ледавік пакінуў у Браслаўскім Паазер’і больш за 10 відаў рэльефу, якія сталі адной з галоўных асаблівасцей краю. Вялікія і маленькія азёры з дзіўнымі берагамі, звілістыя рэкі, шматлікія астравы (на некаторых у старажытныя часы стаялі крэпасці і манастыр), ледавіковыя ўзгоркі (озы і камы) – усё гэта стварыла ўмовы для багатай флоры і фаўны. На тэрыторыі заснаванага ў 1995 г. нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" плошчай каля 70 тысяч гектараў расце больш за 1900 відаў раслін і жывуць 312 відаў пазваночных жывёл. Тут можна ўбачыць вялікую колькасць птушак, сярод якіх сустракаюцца і рэдкія: вялікі бугай, чорны бусел, белы журавель…
На тэрыторыі "Браслаўскіх азёр" для турыстаў пракладзены цікавыя экасцяжыны і ствараецца сафары-парк, праводзяцца туры для паляўнічых і рыбаловаў, у летні сезон па Дрывятах курсіруе прагулачны цеплаход. Больш падрабязна аб парку глядзіце тут.
Адміністрацыйны цэнтр нацыянальнага парку знаходзіцца ў горадзе Браслаў.
Касцёл Ражджаства Дзевы Марыі (Троіцкі) у гарадскім пасёлку Відзы – другі па велічыні каталіцкі храм Беларусі, які ўступае толькі святыні ў Будславе. Ён жа і адзін з самых высокіх: шпілі храма дасягаюць 59 метраў, што крыху менш за знакаміты касцёл-"рэкардсмен" у Гервятах (61 м). Першы каталіцкі прыход быў заснаваны ў Відзах яшчэ ў 1481 годзе манахамі-бернардзінцамі. Новы касцёл – у неагатычным стылі з насычанай чырвонай цэглы – з’явіўся тут у 1914 годзе, але ў час Першай сусветнай вайны сур’ёзна пацярпеў. У памяць аб тых трагічных падзеях у яго сцены ўмуравалі артылерыйскія снарады.
У 2014 годзе касцёл у Відзах адзначыў стагадовы юбілей, і па-ранейшаму захоўвае сваю непаўторнасць: накіраваныя ўвышыню вежы і стральчатыя аркі, вокны с ажурнымі пераплётамі і каляровыя вітражы…
Браслаўскі раён, г.п. Відзы, 40 км ад Браслава і 260 км ад Віцебска
Гісторыя росквіту Пастаў (1409) звязана са знакамітай дынастыяй Тызенгаўзаў, якія валодалі мястэчкам з XVIII стагоддзя. Уплывовы дзеяч ВКЛ, прамыслоўца і мецэнат Антоні Тызенгаўз запрасіў у Паставы архітэктара Джузэпэ дэ Сака арганізаваць новую мураваную забудову, якая часткова захавалася да нашых дзён. На фабрыках Тызенгаўза ў Паставах рабілі паперу з вадзянымі знакамі для дзяржаўных патрэб, парусы для флоту ВКЛ, шытыя золатам паясы, што не ўступалі па якасці слуцкім. Пазней іншы прадстаўнік роду – захоплены арнітолаг Канстанцін Тызенгаўз – ператварыў Паставы ў цэнтр навукі. У розны час у палацы Тызенгаўзаў размяшчаліся балетная школа, вельмі багаты арніталагічны музей – база біялагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта, карцінная галерэя.
Сёння ў палацы Тызенгаўзаў (у 1760 г.) размяшчаецца бальніца, а ў падвалах адкрыта гістарычная экспазіцыя, прысвечаная слаўнай дынастыі і гісторыі Першай сусветнай вайны. Сярод іншых выдатных мясцін Пастаў – касцёў святога Антонія Падуанскага, Свята-Мікалаеўская царква (1894), помнік Канстанціну Тызенгаўзу.
У вёсцы Камаі Пастаўскага раёна ўзвышаецца незвычайны касцёл – адзін з трох беларускіх храмаў-крэпасцей, уключаных у папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пры гэтым ён істотна адрозніваецца ад дзвюх іншых святынь – праваслаўных цэркваў у Сынкавічах і Мураванцы. Камайскі касцёл, узведзены як крэпасць, сапраўды быў месцам абароны ў час вайны са шведамі, аб чым сведчаць сляды ад гарматных ядзер у сценах. Акрамя таго, храм, пабудаваны ў 1603-1606 гадах – адзін з нямногіх у Беларусі, які ніколі не закрываўся. У яго цэнтральным алтары захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай з дзіцем (XVII ст.).
Пастаўскі раён
Горад Глыбокае з больш як 600-гадовай гісторыяй называюць "вішнёвай сталіцай" Беларусі. Першыя сады тут з’явіліся дзякуючы селекцыянеру Баляславу Лапыру, які прывозіў саджанцы з розных краін і выводзіў новыя зімаўстойлівыя сарты. Нядаўна жыхары адрадзілі вішнёвы сад, высадзіўшы ў гонар даты нараджэння горада 1414 дрэў, і заснавалі самабытны вішнёвы фестываль. Сярод архітэктурных жамчужын Глыбокага – Троіцкі касцёл і сабор Раства Багародзіцы (былы касцёл і кляштар кармелітаў, узведзены ў 1639-1654 гг.), дзе захоўваецца абраз Багародзіцы са святой гары Афон. Цікава, што на тэрыторыі Глыбокага знаходзіцца пяць азёр.
У спісе папулярных славутасцей горада – бронзавая скульптура вішні, помнік барону Мюнхгаўзену, Сквер славутых ураджэнцаў Глыбоччыны, сярод якіх мастак Язэп Драздовіч, заснавальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, авіяканструктар Павел Сухі, пісьменнік Вацлаў Ластоўскі, бацька сучаснага іўрыта Эліэзер Бен-Ехуда.
За 160 км на поўнач ад Мінска
Працвітанне Мосару, вядомаму з 1514 года, прынёс шляхецкі род Бжастоўскіх. На заказ сямейнай пары Роберта і Ганны Бжастоўскіх у канцы XVIII стагоддзя ў маёнтку пабудавалі раскошны палац і касцёл святой Ганны, які, у адрозненне ад графскай рэзідэнцыі, захаваўся да нашых дзён. Новае жыццё ў Мосар удыхнуў у 1989 годзе ксёндз Ёзас Булька, які прыехаў на служэнне. Забалочанае наваколле ён ператварыў у цудоўны дэндрарый з рэлігійнымі скульптурамі, фантанамі, клумбамі. Сярод славутасцей "беларускага Версаля", як называюць Мосар – копія вядомай работы Мікеланджэла Буанароці "Аплакванне Хрыста" з сабора Святога Пятра ў Ватыкане, самы высокі ў Беларусі каталіцкі крыж (23 м), 5-метровая статуя Хрыста…
У былой званіцы ксёндз Булька заснаваў першы і адзіны ў Беларусі антыалкагольны музей. А ў старадаўнім свіране Мосара адкрыта этнаграфічная экспазіцыя.
Глыбоцкі раён, в. Мосар
Гісторыкі дагэтуль не прыйшлі да згоды, адкуль паходзіць назва Лепель: беларускіх слоў "лепей" (лепшы) або "ляпіць" (мясцовыя ганчары славіліся сваім майстэрствам), старабалтыйскага "лепеле", што азначае "жоўтыя гарлачыкі" (на вадаёмах краю іх сапраўды шмат) або дрэва ліпа. Старадаўні горад быў заснаваны ў ХVII стагоддзі на беразе возера Лепельскае дзякуючы канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. Помнік вялікаму палітычнаму дзеячу ўстаноўлены насупраць касцёла святога Казіміра. У 1602 г. гэты каталіцкі прыход і храм заснаваў Сапега, а ў 1857 – 1876 гг. быў пабудаваны новы будынак. Сярод іншых выдатных мясцін Лепеля – драўляная царква святой Параскевы Пятніцы, капліца 1900 г., будынак сінагогі, старадаўні мураваны дом.
У цэнтральным парку на беразе Лепельскага возера ўстаноўлена бронзавая скульптура Цмока – дзіўнага персанажа беларускай міфалогіі, уладара азёр і балот. Дарэчы, Лепель стаў першым горадам Беларусі – членам Еўрапейскай асацыяцыі фальклорных груп.
За 155 км ад Мінска і 110 км ад Віцебска
Найстарэйшы сярод ахоўных аб’ектаў Беларусі – Бярэзінскі біясферны запаведнік – заснаваны ў 1925 годзе. Унікальныя экасістэмы прывабліваюць сюды тысячы турыстаў. У 1979 годзе запаведнік увайшоў у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА, з 2005-га – уключаны ў Міжнародную экалагічную сетку, у 2010-м – у Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў… Запаведная тэрыторыя займае больш за 80 тысяч га і ўключае разнастайныя тыпы лясоў, балот, пойменных лугоў, азёр і рэк. Тут расце больш за 2 тысячы відаў раслін (78 з Чырвонай кнігі Беларусі), тэрыторыю насяляюць дзясяткі відаў млекакормячых і сотні птушак. Бярэзінскі запаведнік – адзінае месца ў Беларусі і ў цэлым у Еўропе, дзе можна ўбачыць адразу ўсіх прадстаўнікоў "еўрапейскай пяцёркі" – зубра, мядзведзя, рысь, воўка і лася.
У запаведніку рэалізуецца ўнікальны для Беларусі праект: на возеры Плаўна з’явяцца бярвёнчатыя плаваючыя дамы з дахамі з чароту, замацаваныя на пантонах. Унутраны дэкор будзе выкананы з экаматэрыялаў, а мотапрывод дасць магчымасць турыстам з лёгкасцю перамяшчацца па воднай гладзі.
Адміністрацыйны цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка – в. Домжарыцы, Лепельскі раён
Першае згадванне пра горад на беразе Дняпра і Оршыцы адносіцца да 1067 года. Да нашых дзён захавалася гарадзішча, дзе археолагі знайшлі ўнікальную кальчугу са старажытнаславянскімі надпісамі. Сярод выдатных мясцін Оршы – Ільінскай царква, Куцеінскі мужчынскі Богаяўленскі манастыр, касцёл святога Іосіфа і, вядома, цудоўны комплекс езуіцкага калегіума, узведзенага ў ХVII стагоддзі па распараджэнні Льва Сапегі. Недалёка ў будынку старадаўняга вадзянога млына (1902 г.) працуе этнаграфічны музей "Млын", прысвечаны жыццю беларусаў ХIХ стагоддзя. У навакольнай мясцовасці Оршы 14 ліпеня 1941 года прагрымелі першыя залпы легендарнай "Кацюшы", і цяпер аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны сведчыць аднайменны мемарыяльны комплекс.
Аршанская зямля славіцца вырошчваннем ільну, які стаў сімвалам Беларусі: выяву яго можна ўбачыць на дзяржаўным гербе.
За 225 км ад Мінска
Таленавіты пісьменнік, драматург і сцэнарыст, публіцыст і перакладчык, прадстаўнік старадаўняга шляхецкага роду і заўзяты аматар гісторыі, Уладзімір Караткевіч – дзіўны аўтар у беларускай літаратуры, адзін з самых любімых і чытаемых ужо многімі пакаленнямі. Біяграфічны музей у яго роднай Оршы адкрыўся ў 2000 годзе ў сімвалічным будынку – помніку архітэктуры ХІХ-ХХ стагоддзяў: з 1925 года тут размяшчаўся радзільны дом, дзе 26 лістапада 1930 года і з'явіўся на свет будучы пісьменнік. Сёння ў музеі – некалькі тэматычных экспазіцый: "Партрэт пісьменніка і чалавека" з фрагментам рабочага кабінета мінскай кватэры Караткевіча, зала літаратурнай спадчыны з навукова-даследчым цэнтрам і бібліятэкай, мастацкая галерэя. Калекцыя аб'ядноўвае сотні прадметаў: асабістыя рэчы і рукапісы Караткевіча, яго арыгінальныя малюнкі. Тут жа можна паглядзець знакамітыя фільмы, знятыя паводле раманаў і сцэнарыяў Уладзіміра Караткевіча, пачуць запісы голасу самога аўтара, музычныя кампазіцыі на яго вершы...
Віцебская вобласць, г. Орша, вул. Леніна, 26
10.00-18.00, выхадны – панядзелак