Cувениры з Беларусі | Belarus.by | Турызм, Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Сувеніры з Беларусі

Сувеніры з Беларусі


Што прывезці з Беларусі? Якія сувеніры можна знайсці толькі тут і больш нідзе ў свеце? Чым унікальная і багатая гасцінная краіна ў цэнтры Еўропы?

Здаўна Беларусь славіцца ільнянымі тканінамі, сімвалічнымі ручнікамі, унікальнымі вырабамі з саломы, гліны і дрэва, валёнкамі і шапкамі з аўчыны.

Смак Беларусі – натуральныя малочныя і мясныя прадукты, незвычайнае багацце страў з бульбы, духмяны і карысны хлеб, арыгінальныя алкагольныя напіткі на травах, ласункі з яблыкаў і журавін.

Няхай ваша падарожжа па Беларусі пакіне не толькі яркія ўражанні, але і запомніцца зробленымі з душой сувенірамі!

Натуральны беларускі лён

Беларускі лёнНа беларускай зямлі лён вырошчваюць са старадаўніх часоў. З валакна ткалі палатно і шылі вопратку, стваралі выдатныя прадметы побыту, майстравалі цацкі для дзяцей. З насення – пяклі хлеб і варылі смачны кісель. Нездарма блакітныя кветкі лёну ўпрыгожваюць сучасны герб Беларусі.

Лён – дзіўны матэрыял: тканіна можа быць і грубай (ручнікі для лазні), і далікатнай (лёгкія сукенкі), але пры гэтым экалагічная і карысная для здароўя.

Сувеніры: льняное адзенне, пасцельная бялізна, абрусы з вышыўкай і вытанчаным дэкорам, сурвэткі, ручнікі, сумкі, кашалькі
Беларускі эксклюзіў:
Неглюбскія ручнікі
Ільняныя лялькі-абярэгі

Слуцкія паясы

Слуцкія паясыУнікальны сімвал нацыянальнай культуры. У XVIII – XIX стст. на мануфактуры князёў Радзівілаў у Слуцку паясы з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак ткалі ўручную па вельмі складанай тэхналогіі. Два майстры на працягу года маглі вырабіць не больш за 6 паясоў. Такія дарагія і надзвычай прыгожыя аксесуары насілі магнаты і багатая шляхта.

Сёння сапраўдныя слуцкія паясы – рарытэт, і значная частка твораў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету. Але ў Беларусі адраджаецца ўнікальная тэхналогія вытворчасці слуцкіх паясоў.

Сувеніры:
Можна набыць сувеніры, стылізаваныя пад знакамітыя слуцкія паясы. Аднак неўзабаве з'явяцца вырабы, максімальна набліжаныя да старадаўняй, аўтэнтычнай тэхналогіі. Паясы элітнага класа будуць з залатых і шаўковых нітак, у больш дэмакратычным варыянце – лён, бавоўна, шэрсць, люрэкс.

Залатая салома

Сувеніры з саломыСалому беларусы ўпадабалі за хараство і цяпло, бо пры ўмелай апрацоўцы яна ператвараецца ў незвычайныя творы мастацтва. Для народных абрадаў з саломы плялі вянкі, вязалі снапы, майстравалі фігуркі. У канцы XVIII – пачатку XIX стст. на беларускім Палессі стварылі знакамітыя царскія вароты – плеценыя саламяныя іканастасы, распаўсюджаныя толькі ў нашай краіне. Напэўна, больш нідзе ў свеце няма такой разнастайнасці ў выкарыстанні гэтага незвычайнага матэрыялу, які дорыць энергію сонца.

Сувеніры: плеценыя фігуркі жывёл і птушак, кветкі, капелюшы і лапці, лялькі і абярэгі, шкатулкі і куфэркі, упрыгажэнні, карціны і пано. Драўляныя сувеніры з інкрустацыяй саломкай: шкатулкі і табакеркі, шахматы, гадзіннікі, велікодныя яйкі, цацкі.
Беларускі эксклюзіў:
Саламяны "павук"

Кераміка

Сувеніры з гліныУ розных рэгіёнах Беларусі спрадвеку існавалі самабытныя цэнтры керамікі. У майстроў былі свае хітрасці ў форме і спосабах лепкі вырабаў, размалёўцы і саставе палівы. Беларускія гаспадыні ведалі: у керамічным посудзе даўжэй не закісае малако, а ў збаночках з гліны асабліва смачныя стравы нацыянальнай кухні. Таксама беларусы майстравалі з гліны музычныя інструменты.

Сувеніры: фігуркі жывёл і птушак (зубр, бабёр, бусел, жаваранак), свістулькі, званочкі, падсвечнікі (у выглядзе Белай вежы), плакеткі і магніты, керамічны посуд
Беларускі эксклюзіў:
Гліняныя цацкі мазырскія мядзведзі

Драўляныя сувеніры

Драўляныя сувенірыУ Беларусі, краі лясоў, драўніна была самым распаўсюджаным матэрыялам для будаўніцтва і творчасці – разьбы па дрэве, бондарства. З яе рабілі мэблю, выразалі посуд, майстравалі выдатныя дэкаратыўныя рэчы.

Сувеніры: драўляны посуд, шкатулкі, фігуркі людзей, жывёл (асабліва ўражвае драўляны гаспадар Белавежскай пушчы зубр) і птушак, разная мэбля

Сувеніры з лазы

Сувеніры з лазыСотні гадоў таму ў Беларусі з лазы рабілі сцены памяшканняў і агароджу, плялі калыскі для дзяцей, кошыкі для ягад і грыбоў. І сёння майстры працягваюць традыцыі продкаў. Яны выкарыстоўваюць розныя віды лазы асаблівых уласцівасцей і колеру, валодаюць незвычайнымі тэхнікамі і ўзорамі.

Сувеніры: кошыкі, хлебніцы, падносы, пано, кашпо, лапці. У Беларусі можна набыць прыгожую мэблю з лазы ручной работы.

Валёнкі і шапкі

Беларускія валёнкі Валенне шапак і валёнак з воўны – старадаўняе рамяство беларусаў, бо ў траскучыя зімовыя маразы гэтыя рэчы былі проста незаменныя. У навакольнай мясцовасці гарадка Дрыбін, які з XVIII стагоддзя славіцца сукнавальным промыслам, і сёння захоўваюць сакрэты продкаў. Традыцыі Дрыбінскага шапавальства і асаблівая мова, на якой паміж сабой размаўлялі майстры, Беларусь рыхтуе да ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сувеніры: валёнкі, шапкі
Беларускі эксклюзіў:
Дрыбінскія валёнкі

Хрусталь і шкло

Беларускія шкло і хрустальБольш за сто гадоў таму ў Беларусі з'явіліся заводы, дзе пачалі выпускаць вырабы са шкла і хрусталю. Беларускія майстры-шкловыдзімальшчыкі праславіліся тонкім мастацкім густам і выдатнай якасцю сваіх работ. Самыя знакамітыя прадпрыемствы – шклозавод "Нёман" і Барысаўскі хрустальны завод.

Сувеніры: посуд з хрусталю і шкла (бакалы, фужэры, графіны), вазы для кветак і садавіны, падсвечнікі, прэс-пап'е, шкатулкі, арыгінальныя сувеніры (фігуркі жывёл і птушак, велікодныя яйкі, садавіна), вітражы

Беларускія цукеркі і ласункі

Беларускія цукеркіНа старэйшым кандытарскім прадпрыемстве "Чырвоны харчавік" вось ужо больш за сто гадоў выпускаюць смачныя і карысныя зефір, пасцілу, мармелад, у рэцэптах якіх – толькі натуральныя садавіна і ягады. Жыхары многіх краін свету высока ацанілі цукеркі і шакалад беларускіх фабрык "Камунарка" і "Спартак".

Сувеніры: зефір, мармелад, шакалад, цукеркі (акрамя традыцыйных ёсць эксклюзіўныя рэцэптуры з дарамі беларускай прыроды – журавінамі, чарніцамі, чорнай парэчкай, рабінай), сіропы і джэмы з лясных ягад

Беларуская гарэлка, бальзамы, настойкі

Беларуская гарэлка, бальзамы, настойкіУ глыбокую даўніну беларусы пілі хмельныя напіткі на мёдзе, у ХIV стагоддзі з'явіўся самагон ("гарэлка"), з ХV-га на беларускіх "броварах" варылі піва. У XIX стагоддзі сталі адкрывацца буйныя заводы, традыцыі якіх сёння развіваюць прадпрыемствы алкагольнай галіны.

У свеце высока ацанілі беларускую гарэлку, вырабленую па старадаўніх рэцэптах, арыгінальныя настойкі з экстрактамі лекавых раслін (трава зуброўка з Белавежскай пушчы), бальзамы з багатым саставам каштоўных інгрэдыентаў (травы і пупышкі дрэў, ягадныя морсы, спецыі, натуральны мёд).

Сувеніры: гарэлка, настойкі, бальзамы ў сувенірным афармленні (бутэлькі са шкла і гліны, палатняныя і скураныя мяшэчкі)

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі