У горадзе Камянец Брэсцкай вобласці знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры і абарончага дойлідства другой палавіны XIII стагоддзя – Камянецкая вежа (Камянецкі стоўп).
На ўзгорку каля некалі паўнаводнай ракі Лясная ўзвышаецца велічнае збудаванне, падобнае на вялізную шахматную ладдзю.
Згодна з летапісамі, Камянецкая вежа ўзведзена паміж 1276 і 1288 гадамі. Па загаду галіцка-валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлід Алекса знайшоў месца, дзе ў хуткім часе з’явіліся горад і Вежа з драўляным замкам.
Камянецкая вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае агульныя рысы з вежамі-данжонамі, распаўсюджанымі ў XII-XIII стагоддзях у Заходняй Еўропе.
Пяціяруснае круглае ў плане збудаванне (вышыня амаль 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м, вонкавы дыяметр 13,6 м) стаіць на каменным фундаменце вышынёй каля 2,3 м і дыяметрам 16 м. Вежа складзена з цэглы цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў.
Вежа ў Камянцы была абарончай і мае мала элементаў архітэктурна-дэкаратыўнай пластыкі: вузкія байніцы, 4 плоскія нішы з паўцыркульнымі завяршэннямі. Верхнюю пляцоўку акружаюць 14 прамавугольных зубцоў з адтулінамі для агляду, па перыметры асаблівым чынам выкладзена дэкаратыўная паласа.
Такія вежы ў Сярэднія вякі існавалі ў многіх гарадах Беларусі: Брэсце, Гродне, Мсціславе, Мядзеле, Навагрудку, Полацку, Радашковічах, Тураве, Шклове, але да нашых дзён захавалася толькі Камянецкая. У гэтым яе ўнікальнасць.
У XIV-XVII стагоддзях вежа вытрымлівала набегі крыжаносцаў, штурмы войскаў польскіх і літоўскіх князёў, каля яе сцен змагаліся арміі Рэчы Паспалітай, Швецыі і Маскоўскай дзяржавы.
Да XIX стагоддзя Камянецкая вежа страціла абарончае значэнне, была занядбана. У 1822 годзе яе спрабавалі разабраць на цэглу, але за стагоддзі кладка ператварылася ў сапраўдны камень.
Рэшткі землянога вала і драўлянага замка зніклі ў 1903 годзе пры правядзенні рэстаўрацыйных работ. Па праекту архітэктара Суслава вакол вежы знялі пласт зямлі, і першы ярус, які раней лічылі скляпеннем, зноў апынуўся на паверхні. Вакол вежы насыпалі і абклалі каменем кальцавы вал. У такім выглядзе помнік захаваўся да нашых дзён.
У пачатку 1950-х гадоў вежу ўпершыню пабялілі, а падлогу выбрукавалі каменем. Рэстаўрацыйныя работы праводзіліся ў 1968-1973 і 1996-2003 гадах.
З Камянецкай вежай звязана шмат легенд, праўдападобных і фантастычных. Напрыклад, што каменны стоўп – помнік невядомаму волату, які будаваў вежу.
Сёння сілуэт Камянецкай вежы – адзін з самых вядомых архітэктурных сімвалаў Беларусі, а словазлучэнне "Белая вежа" ператварылася ў сапраўдны брэнд. У Беларусі ёсць санаторый "Белая вежа", казіно, рэстараны, алкагольныя і прадуктовыя маркі з такой назвай.
З 1996 г. у Брэсце праводзіцца Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа", які збірае знакамітых і маладых рэжысёраў і акцёраў, музыкантаў, мастакоў, аматараў тэатральнага мастацтва з усяго свету.
Аднак многія стагоддзі вежа ў Камянцы не называлася Белай вежай. Гэта адбылося толькі ў ХХ стагоддзі, калі аўтар кнігі "Белавежская пушча" Георгій Карцоў памылкова напісаў, што вежа размешчана на рацэ Белая. Сёння гісторыкі лічаць, што існавала іншая вежа, якая дала назву Белавежскай пушчы.
Колер Камянецкага стаўпа заўсёды быў "цагляным", бо на чырвонай сцяне пашкоджанні менш прыкметныя, і праціўніку было складаней наносіць удары каменямётнымі машынамі.
Гістарычныя назвы вежы ў Камянцы – Камянецкая вежа, Камянецкі стоўп… Тым не менш, сёння яе часта называюць Белая вежа.
У наш час Камянецкая вежа – помнік гісторыі і культуры – знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Тут размешчаны музей "Камянецкая вежа". На верхняй пляцоўцы праводзяцца аглядныя экскурсіі "Архітэктурныя помнікі Камянца". Наведванне вежы ўключана ў розныя экскурсійныя праграмы.
Камянецкая вежа прадстаўлена ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Горад Камянец знаходзіцца за 37 км на поўнач ад Брэста, на ўскраіне Белавежскай пушчы.
Дабрацца да Камянецкай вежы можна на аўтамабілі, а таксама аўтобусам з Мінска або Брэста.
Спыніцца можна ў гасцініцах Брэста або Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" (п. Камянюкі, Камянецкі раён).