Самыя цікавыя мясціны Беларусі – таямнічыя замкі і радавыя сядзібы, цудоўныя храмы і манастыры, унікальныя куткі некранутай прыроды, старадаўнія інжынерныя збудаванні, цікавыя музеі і этнаграфічныя вёскі, родныя мясціны знакамітых мастакоў, пісьменнікаў і вучоных...
Вы даведаецеся пра галоўныя славутасці і выдатныя мясціны ўсіх рэгіёнаў Беларусі, азнаёміцеся з цікавымі фактамі і лічбамі, вывучыце інтрыгуючую гісторыю і складзяце ўласны маршрут падарожжа па гасціннай краіне ў цэнтры Еўропы.
Паўднёва-заходні рэгіён Беларусі, які называюць першым бастыёнам краіны, славіцца ўнікальнымі гістарычнымі і прыроднымі помнікамі. Сярод іх – легендарная Брэсцкая крэпасць, гераічная гісторыя якой вядома ўсяму свету, старадаўні лес Еўропы Белавежская пушча, дзе жывуць велічныя зубры, пункты Дугі Струвэ – самага грандыёзнага геадэзічнага "інструменту" на планеце, унесенага ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, раскапаны археолагамі драўляны горад XIII стагоддзя, выдатныя палацы ў Ружанах і Косаве. Брэсцкая зямля – радзіма нацыянальнага героя трох краін Тадэвуша Касцюшкі, тут жа знаходзіўся радавы маёнтак Дастаеўскіх, якія падарылі свету вялікага пісьменніка.
Легендарны край блакітных азёр, старажытных гарадоў і старадаўніх помнікаў, які даў свету такія імёны, як Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Марк Шагал, Жарэс Алфёраў, Іван Чэрскі, Леў Выгоцкі… Менавіта на віцебскай зямлі сусветна вядомы авангардыст Казімір Малевіч напісаў галоўную працу аб супрэматызме, а таленавіты жывапісец Ілья Рэпін стварыў амаль 40 карцін і малюнкаў. Унікальныя прыродныя жамчужыны Віцебшчыны – нацыянальны парк "Браслаўскія азёры", які славіцца сотнямі маляўнічых азёр і астравоў, ландшафтны заказнік "Ельня", дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх у Еўропе масіваў старадаўніх вярховых балот і ледавіковых азёр.
Заходні рэгіён Беларусі – Гродзеншчына – славіцца замкамі і палацамі знакамітых дынастый Еўропы, цудоўнымі храмамі розных канфесій і надзвычай маляўнічай прыродай. Тут захавалася больш як паўтары тысячы помнікаў гісторыі і культуры, сярод якіх і сусветная спадчына: замкавы комплекс "Мір", Дуга Струвэ, частка запаведнай Белавежскай пушчы… У старажытным Навагрудку зараджалася Вялікае Княства Літоўскае. У Крэве адбываліся важнейшыя падзеі беларускай гісторыі, а "каралеўскі горад" Гродна і сёння з'яўляецца ўнікальнай архітэктурнай жамчужынай Беларусі…
Пра дзіўнае беларускае Палессе, якое аб'ядноўвае сучасныя Гомельскую і Брэсцкую вобласці, вядома са старажытнасці. Грэчаскі гісторык Герадот пісаў аб таямнічай краіне Неўрыдзе і вялікім моры ў тутэйшых мясцінах. Магчыма, гэта была залітая водамі даліна Прыпяці або сапраўднае мора, аб чым сведчаць знаходкі марскіх ракавінак і старадаўняе радовішча солей… Запаведная прырода, што нагадвае джунглі, унікальныя пойменныя дубровы і багацейшая фаўна – візітка нацыянальнага парку "Прыпяцкі", у цэнтры якога знаходзіцца адзін з самых старадаўніх усходнеславянскіх гарадоў – Тураў. Сярод іншых знакамітых выдатных мясцін вобласці – палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, горад старавераў Ветка, старадаўнія Мазыр, Рэчыца, Чачэрск, што ўваходзяць у "Залатое кальцо Гомельшчыны".
Самы вялікі рэгіён Беларусі, адзіны, не маючы межаў з дзяржавамі-суседзямі, прамысловы і навуковы, і пры гэтым надзвычай цікавы старадаўняй гісторыяй. Сярод знакамітых выдатных мясцін Міншчыны – сусветная каштоўнасць Нясвіжскі палац Радзівілаў, касцёл бернардзінцаў у Будславе, старадаўнія гарады Заслаўе, Барысаў, Слуцк, Маладзечна, Мядзел, прыродная жамчужына нацыянальны парк "Нарачанскі". Знаходзячыся на скрыжыванні еўрапейскіх дарог, мінская зямля ўвайшла ў хронікі буйнейшых войнаў і трагічных падзей свету, пра якія сёння нагадваюць Брылёўскае поле каля ракі Бярэзіны, Хатынь, Трасцянец, Курган Славы, "Лінія Сталіна"… У сталічнай вобласці размешчаны галоўныя гарналыжныя курорты і алімпійскія комплексы Беларусі.
Стагоддзі таму праз усходнія землі Беларусі праходзіў знакаміты гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі", часткай якога быў Днепр – адна з буйнейшых рэк Еўропы. Ужо з ХII-XIII стагоддзяў тут вядомы гарады Мсціслаў (1135), Крычаў і Прапойск (Слаўгарад) (1136), Магілёў (1267)… Пазней Магілёўская губерня стала ўпадабаным месцам імператараў: Кацярына II дарыла тутэйшыя маёнткі фаварытам, а Мікалай II у гады Першай сусветнай вайны зрабіў Магілёў Cтаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Сярод выдатных мясцін рэгіёна – цудоўныя помнікі архітэктуры губернскага Магілёва, замак XVII стагоддзя і ўнікальная сінагога ў Быхаве, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, палац Пацёмкіна ў Крычаве, Пустынскі манастыр, старажытны Мсціслаў, Бабруйская крэпасць…