25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі правялі палітычныя кансультацыі. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На мінулым тыдні Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі паведаміла аб візіце ў краіну намесніка міністра замежных спраў Беларусі Яўгена Шэстакова. Падрабязнасці візіту бакамі не прыводзіліся.
Як растлумачыў журналістам Сяргей Алейнік, гэта былі планавыя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў.
"У час візіту абмяркоўвалася кола пытанняў, якія датычацца двухбаковага парадку дня, з акцэнтам на гуманітарнае супрацоўніцтва. Абмяркоўвалася ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях", - растлумачыў Сяргей Алейнік.