20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў пастановай нумар 18 ад 12 студзеня 2017 года зацвердзіў комплекс мер па рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Пры распрацоўцы дакумента ўлічаны меры па рэалізацыі праграмы, выкананыя ў 2016 годзе, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Комплексам мер прадугледжаны 380 мерапрыемстваў па ўсіх напрамках праграмы, названы тэрміны іх рэалізацыі, адказныя выканаўцы і форма рэалізацыі.
Дзяржаўным органам, вызначаным адказнымі выканаўцамі мерапрыемстваў комплексу мер, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму, Міністэрству эканомікі даручана штогод інфармаваць Савет Міністраў аб ходзе рэалізацыі комплексу мер дзяржорганамі.
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады зацверджана ўказам Прэзідэнта нумар 466 ад 15 снежня 2016 года. У ёй абгрунтаваны шляхі павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі і якасці жыцця беларускіх грамадзян, развіцця канкурэнцыі і ўдасканалення інстытуцыянальнага асяроддзя, прапанаваны прававыя і сацыяльна-эканамічныя механізмы рэалізацыі прыярытэтаў і задач пяцігоддзя.
Паказчыкі і параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, змешчаныя ў праграме, распрацаваны зыходзячы з максімальнага выкарыстання існуючага патэнцыялу для эканамічнага росту і актывізацыі інавацыйных магчымасцей эканомікі, разняволення дзелавой ініцыятывы, стварэння максімальна спрыяльных умоў для хуткага фарміравання новых сектараў і галін эканомікі, прыцягнення прамых замежных інвестыцый.