13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У нашай краіне ідэі міру, бяспекі, абароненасці ад знешніх пагроз і стварэння сталі і ўнутрыпалітычнай апорай, і асновай знешняй палітыкі. Аб гэтым заявіў міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, выступаючы на 11-м Пекінскім Сяншаньскім форуме, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве абароны.
Выступаючы з дакладам, кіраўнік ваеннага ведамства падзяліўся формулай справядлівага свету, які не дзеліцца на Усход і Захад, у якім у пытаннях забеспячэння міжнароднай бяспекі і мірнага суіснавання на планеце важны голас кожнай дзяржавы.
Рэспубліка Беларусь выступае з ініцыятывай аб распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў ХХІ стагоддзі. Менавіта гэта можа аб'яднаць намаганні ўсіх дзяржаў кантынента ў справе пабудовы іншага светаўладкавання.
Прынцыпова новая сістэма міжнародных адносін будзе характарызавацца апорай на міжнароднае права, узаемны давер і роўнасць, з улікам нацыянальных, рэлігійных і культурных асаблівасцей народаў, непрыманнем умяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў для змянення выбранага шляху развіцця, прызнаннем і павагай разнастайнасці механізмаў практычнага супрацоўніцтва.
"Не выключана і тое, што ў выніку сумеснай работы мы прыйдзем да стварэння новай АБСЕ, аднак у якой "Е" будзе азначаць ужо не Еўропу, а Еўразію, - адзначыў Віктар Хрэнін. - Але звяртаю ўвагу, што і дзяржавы Еўропы, як неад'емная частка Еўразійскага кантынента, павінны ўдзельнічаць у гэтых працэсах".
"У канчатковым выніку ўсе рашэнні па пытаннях забеспячэння міру і бяспекі, будаўніцтва агульнай будучыні змогуць прымацца сапраўднай глабальнай большасцю, а не закрытым клубам заходніх краін", - адзначыў Віктар Хрэнін.