4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У гэтым годзе ў Беларусь чакаюцца візіты высокага ўзроўню з Малдовы, Аўстрыі і Швейцарыі, а таксама беларускія парламентарыі плануюць візіты ў Егіпет і Сербію. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў Палаце прадстаўнікоў адбылося пасяджэнне Савета. Сярод іншых разгледжаны план міжнароднага супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на 2021 год.
Як адзначыў Андрэй Савіных, Беларусь прадоўжыць актыўную работу з міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі, у якіх наша рэспубліка з'яўляецца паўнапраўным членам. Гэта Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, МПА СНД, парламенцкія асамблеі АБСЕ, АДКБ, Цэнтральнай еўрапейскай ініцыятывы.
Прадоўжыцца актыўнае супрацоўніцтва па лініі двухбаковых сувязей з парламентамі замежных краін. З-за эпідабстаноўкі гэта работа будзе весціся ў тым ліку ў анлайн-фармаце, што пры цяперашнім развіцці тэхналогій не перашкаджае рабіць гэта на высокім узроўні, падкрэсліў Андрэй Савіных. А таксама такі фармат дазваляе скарачаць расходы на правядзенне мерапрыемстваў.
"Але анлайн-узаемадзеянне не замяняе прамыя чалавечыя кантакты і сувязі. Таму на 2021 год плануюцца і візіты парламенцкіх дэлегацый, - дадаў Андрэй Савіных. - У прыватнасці, прапрацоўваецца візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў Егіпет, Сербію. Мы чакаем візіты высокага ўзроўню з Малдовы, Аўстрыі, Швейцарыі. Прадоўжацца кантакты па лініі двухбаковых груп па сувязях з парламентамі замежных краін".
Пры гэтым Беларусь прадоўжыць пошук спецыфічных прыярытэтаў у міжнародных кантактах, тэм для спецыяльнага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, праектаў, у якіх парламентарыі "змогуць аказаць патрэбнае стымулюючае ўздзеянне". Для гэтага будуць праводзіцца спецыялізаваныя нарады з удзелам зацікаўленых ведамстваў і экспертаў, дзелавых колаў наконт узаемадзеяння з рознымі рэгіёнамі (Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і г.д.). Таксама запланаваны сектаральныя нарады і іншыя мерапрыемствы па канкрэтных напрамках эканомікі, развіцця рэгіёнаў і інш.