29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віцэ-спікер польскага сейма Рышард Цярлецкі плануе пашырыць супрацоўніцтва з парламентам Беларусі. Аб гэтым ён паведаміў сёння журналістам па выніках перагавораў з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляславам Пірштуком, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы правялі вельмі цікавую і пазітыўную сустрэчу. Безумоўна, польскія палітыкі цяпер удзяляюць асаблівую ўвагу парламенцкаму супрацоўніцтву на міжнародным узроўні, у тым ліку - з Беларуссю. Мы абмеркавалі як эканамічныя праблемы і эканамічнае супрацоўніцтва, так і міжнародную палітыку і тыя пытанні, якія хвалююць нашу дзяржаву. І мы плануем у далейшым зрабіць усё, каб узаемадзеянне паміж нашымі парламентамі і дзяржавамі было яшчэ больш шырокім", - запэўніў Рышард Цярлецкі.
У сваю чаргу Баляслаў Пірштук звярнуў увагу, што ў ходзе перагавораў абмяркоўваўся цэлы блок важных пытанняў. "Перш за ўсё, мы адзначылі, што за апошнія некалькі гадоў вельмі актывізаваліся міжпарламенцкія адносіны", - расказаў віцэ-спікер. Акрамя таго, паводле яго слоў, падрабязна абмяркоўваліся канструктыўныя адносіны, дзеянні на міжнародных пляцоўках, у прыватнасці ў міжнародных арганізацыях, дзе Беларусь і Польшча сустракаюцца. "Мы абмеркавалі пытанні прыгранічнага супрацоўніцтва, закранулі эканамічны блок і адзначылі, што ў нас дастаткова стабільна на працягу апошніх гадоў трымаецца тавараабарот. Ёсць яго рост, нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы", - канстатаваў Баляслаў Пірштук.
Віцэ-спікер таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі назіраецца даволі актыўная інвестыцыйная палітыка з боку польскіх партнёраў. "Мы бачым дастаткова шмат пазітыўных момантаў, якія маглі б узмацніць нашы пазіцыі", - дадаў ён.