24 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Праграма стажыровак у Нацыянальнай школе адміністрацыі Францыі пашырае сувязі Беларусі і Францыі, а таксама садзейнічае дружбе Беларусі і ЕС. Такі пункт гледжання выказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, выступаючы 23 студзеня на сустрэчы, прысвечанай падвядзенню вынікаў стажыроўкі беларускіх спецыялістаў у гэтай французскай установе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Андрэа Віктарын падкрэсліла важнасць таго, што стажыроўкі, якія былі ініцыіраваны пасольствам Францыі пры падтрымцы МЗС Беларусі, фінансаваліся за кошт праграмы MOST праекта Еўрапейскага саюза па пашырэнні прафесійных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і ЕС.
Так, у 2016 годзе дзевяць беларусаў з розных міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку Мінэканомікі, Дзяржаўнага мытнага камітэта прайшлі трэнінг у Нацыянальнай школе адміністрацыі Францыі. Яны ўдасканальвалі свае прафесійныя веды, абменьваліся вопытам з французскімі калегамі ў галіне прымянення самых сучасных метадаў дзяржкіравання.
Нацыянальная школа адміністрацыі - гэта дзяржаўная навучальная ўстанова пры прэм'ер-міністры Францыі, якая ставіць задачай падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі чыноўнікаў краіны.
Беларускія спецыялісты прысутнічалі на розных двухтыднёвых цыклах лекцый CISAR (міжнародны спецыялізаваны цыкл у сферы дзяржаўнага кіравання). Гэта інтэнсіўныя цыклы павышэння прафесійнай кваліфікацыі, што робяць упор на канкрэтную праблематыку з акцэнтам на практычную рэалізацыю.
У сустрэчы прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, пасольствы Францыі ў Беларусі, а таксама рабочай групы па праграме MOST (Інстытут імя Гётэ).