Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

19 Жнв 2020

"Вярнуць людзям спакойную краіну" - Лукашэнка агучыў вынікі пасяджэння Савета бяспекі


19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў падагульняючыя рашэнні праведзенага пасяджэння Савета бяспекі, у якім па відэасувязі прынялі ўдзел і кіраўнікі рэгіёнаў. Канкрэтныя даручэнні дадзены па розных напрамках і датычацца пытанняў стабілізацыі абстаноўкі ў краіне - арганізацыі бяспекі, падтрымання правапарадку, устойлівай работы прадпрыемстваў і арганізацый, дзейнасці СМІ, інфармавання замежных лідараў аб сітуацыі ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзяржпагранкамітэту:

"Даручаю Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту, мы з абмеркавання гэта бачым, узмацніць ахову дзяржаўнай граніцы па ўсім перыметры ў мэтах недапушчэння ў Беларусь з іншых краін баевікоў, зброі, боепрыпасаў, грошай для фінансавання беспарадкаў. Мы бачым, што гэтыя грошы паступаюць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў тым ліку гэтыя грошы ідуць на аплату ўдзельнікам пратэстаў, хоць і не ўсім. "Плацяць людзям, якія хочуць зарабіць. З кветачкамі пастаяць, яшчэ нешта зрабіць. Я не хачу сказаць, што ўсе такія. Але вялікія грошы паступаюць, і прытым адкрыта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Такім чынам, падвёў вынік Прэзідэнт, органы пагранслужбы, акрамя спецслужбаў, таксама павінны ўдзельнічаць у перакрыцці такіх фінансавых патокаў і каналаў.

Мінабароны:

"Міністэрству абароны асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць перамяшчэнню войскаў НАТА на тэрыторыю Польшчы і Літвы. Мы павінны адсочваць напрамкі іх руху і іх задумы. Але цяпер мы ўсе гэтыя задумы бачым. Асабліва нас гэта не напружвае, але асобныя факты, асабліва на гродзенскім напрамку, прымушаюць задумацца. Таму нам абавязкова трэба прыняць меры і не баяцца выводзіць нашы Узброеныя Сілы і тэхніку на напрамкі іх перамяшчэння", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Гэта значыць трэба кантраляваць такія пытанні. Асабліва ў Гродне, у гродзенскім напрамку. Таму што вельмі ж ужо вялікае жаданне там дэстабілізаваць абстаноўку яшчэ больш, чым у Мінску", - дадаў беларускі лідар.

МУС:

Міністэрству ўнутраных спраў Аляксандр Лукашэнка даручыў не дапускаць беспарадкаў у краіне, і асабліва ў Мінску. "У Мінску не павінна быць больш ніякіх беспарадкаў. Людзі стаміліся, людзі патрабуюць міру і цішыні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што, з аднаго боку, і добра, што беларусы адчулі, што яны могуць страціць. "Але, слухайце, мора ж людзей, пераважная большасць, якія прывыклі жыць у спакойнай краіне. І мы гэту спакойную краіну павінны ім вярнуць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама запатрабаваў абараніць рабочыя калектывы ад шальмавання і пагроз вуліцы. "Абараніць рабочыя калектывы - не толькі рабочых фабрык і заводаў, але і іншыя калектывы, арганізацыі (у іх адрас сыплюцца пагрозы), калектывы сродкаў масавай інфармацыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Калі нехта ў сродках масавай інфармацыі - АНТ, БТ, яшчэ недзе - хочуць пабаставаць, выйсці і потым зноў вярнуцца, такога шанцу ў іх быць не павінна. Пайшлі - ідзіце. Але абараніць калектывы патрэбна. І гэта наша сёння задача. Яна актуальная", - дадаў Прэзідэнт.

Камітэту дзяржбяспекі:

Камітэту дзяржаўнай бяспекі Аляксандр Лукашэнка даручыў выяўляць і спыняць дзеянні арганізатараў вулічных беспарадкаў, раскрываць каналы фінансавання беспарадкаў у Беларусі. "Як бы ні было складана, мы павінны прадаўжаць гэту работу і працаваць максімальна", - падкрэсліў беларускі лідар.

МЗС:

Па лініі Міністэрства замежных спраў кіраўнік дзяржавы даручыў арганізаваць работу па давядзенні да кіраўнікоў заходніх дзяржаў інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі. "Ім проста трэба расказваць, што адбываецца ў Беларусі. Каб гэту інфармацыю атрымалі і Меркель, і Макрон, і Дуда, і Наўседа і іншыя, і Зяленскі. Каб яны ведалі, што адбываецца ў Беларусі, афіцыйны пункт гледжання, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І папярэдзіць іх (не баяцца) аб адказнасці за распальванне беспарадкаў. Фінансаванне беспарадкаў - гэта і ёсць распальванне. І мы бачым сёння, што гэта фінансаванне прадаўжаецца".

"Па-другое, барабаніць гусеніцамі на граніцы з Беларуссю, праводзіць цяпер вучэнні контрпрадукцыйна. Яны гэта павінны разумець, і яны будуць за гэта адказваць, калі што здарыцца", - дадаў беларускі лідар.

СМІ:

"Сродкам масавай інфармацыі - тлумачыць, расказваць, папярэджваць людзей, што праграмы гэтай "чорнай сотні" - шлях у прорву да знішчэння Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Вы гэта бачыце. Больш таго, яны штурхаюць нас да сутыкнення з гістарычна брацкім нам народам - рускімі, расіянамі. Гэтага дапусціць нельга. Таму трэба актывізавацца сродкам масавай інфармацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ураду:

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду забяспечыць рэалізацыю і кантроль яго даручэнняў па бесперабойным функцыянаванні прадпрыемстваў. "Трэба сказаць, што тут работа і кіраўнікамі, і ўрадам праведзена вялікая, і ёсць добрыя вынікі. Але расслабляцца нельга", - заявіў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна аказаць падтрымку кіраўнікам прадпрыемстваў у арганізацыі вытворчага працэсу. "Абавязкова трэба гэта зрабіць. Не трэба кідаць кіраўнікоў адзін на адзін з тым натоўпам, які часам сядзіць на прахадной, перашкаджае людзям працаваць. Ну і ўнутры ж прадпрыемстваў ёсць пэўнае кола людзей, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы не павінны нагнятаць у працоўных калектывах абстаноўку. Але, тым не менш: хочаш працаваць - працуй (як я ўжо казаў), не хочаш - за вароты, не перашкаджай працаваць іншым. Але вяртання потым назад на гэта прадпрыемства быць не павінна. У нас у чарзе стаяць людзі на прадпрыемствы. Ды і празмернай колькасці на любым прадпрыемстве, якія сёння на слыху, многа".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць засяродзіць увагу на вырашэнні штодзённых задач і пытанняў жыцця грамадзян краіны. "Тут дзяржсакратар правільна прапаноўваў і іншыя, і губернатары аб гэтым гаварылі", - адзначыў Прэзідэнт.

"Людзі павінны бачыць, што органы ўлады, асабліва цэнтральныя, займаюцца не толькі пытаннямі навядзення парадку ў горадзе-героі Мінску і іншых двух-трох гарадах, але і займаюцца вырашэннем пытанняў, ад якіх залежыць жыццё нашых людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі