6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа разгледзець адкрыццё новых загранустаноў у гарадах Кітая, В'етнама, Індыі, Зімбабвэ. Аб гэтым расказаў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па аптымізацыі сеткі беларускіх загранустаноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы паглядзім на аптымізацыю дзейнасці тых ці іншых устаноў у канкрэтных краінах. Напрыклад, калі ўзяць В'етнам і Індыю, то іх фінансава-эканамічныя цэнтры знаходзяцца на адлегласці як мінімум паўтары тысячы кіламетраў ад сталіц гэтых краін - Хашымін, Мумбай. Там размешчаны буйныя фінансавыя, прамысловыя цэнтры і мэтазгодным можа быць дыпламатычная прысутнасць непасрэдна там беларускага боку. Ёсць сэнс, умоўна кажучы, размясціць там нашы генеральныя консульствы. Або ўзяць Ганконг, у нас там няма прадстаўніцтва, але гэта таксама вельмі перспектыўны рэгіён, рынак", - лічыць кіраўнік МЗС. У якасці перспектыўнага рынку ён таксама назваў Зімбабвэ.
Уладзімір Макей звярнуў увагу, што ўсе змяненні будуць праходзіць у адпаведнасці з фінансаваннем і ў рамках існуючай колькасці загранустаноў. "Мы знойдзем адпаведныя рэзервы, у нас ужо ёсць канкрэтныя прапановы, менавіта зыходзячы з тых крытэрыяў, аб якіх гаворыць Прэзідэнт, - экспарт, знешнеэканамічная дзейнасць", - рэзюмаваў міністр.