7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад 7 сакавіка 2024 года прыняў пастанову нумар 159 "Аб матэрыяльнай дапамозе асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі ў 2024 годзе", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Матэрыяльная дапамога будзе аказана пастаянна пражываючым у краіне атрымальнікам пенсіі ад Беларусі і (або) з іншых дзяржаў у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі ў галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння.
У памеры Br4 тыс. матдапамогу атрымаюць інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, асобы, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, а таксама асобы, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.
Суму ў памеры Br2 тыс. выплацяць асобам, узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны; якія працавалі на аб'ектах проціпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб'ектаў у межах тылавых граніц дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог; якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады і ўзнагароджаным медалём "За абарону Ленінграда", а таксама ўзнагароджаным знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда".
Памер выплат складзе Br1 тыс. для членаў сем'яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, загінулых(памерлых), прапаўшых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны (мужа і жонкі, якія не ўступілі ў новы шлюб, дзяцей-інвалідаў з дзяцінства (у тым ліку ўсыноўленых, удачароных), іншых утрыманцаў, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па названых падставах у адпаведнасці з заканадаўствам); былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па названай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам; інвалідаў з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з наступствамі ваенных дзеянняў.
Выплата матдапамогі будзе праводзіцца ў перыяд з 25 красавіка па 4 мая 2024 года.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.