9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі разлічвае на павелічэнне фінансавання з боку Еўразійскага банка развіцця. Аб гэтым заявіў сёння першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў на сустрэчы са старшынёй праўлення ЕАБР Мікалаем Падгузавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для нас ЕАБР цяпер вельмі важны інстытут з улікам таго, што прапрацоўваюцца чарговыя санкцыйныя спісы, з улікам таго, што ёсць праблемы з фандаваннем знешняга фінансавання, асабліва заходніх банкаў. Мы, вядома, вельмі разлічваем на вашу дапамогу", - сказаў Мікалай Снапкоў.
Ён падзякаваў ЕАБР за агучаную раней інфармацыю аб гатоўнасці банка замясціць крэдытныя лініі, інфраструктурныя і транспартныя праекты, у якіх не будуць удзельнічаць Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.
"Нават з улікам таго, што ў нас партфель значны ўжо, мы будзем, вядома, вельмі разлічваць і ўдзячны за дапамогу і падтрымку ў гэтай сітуацыі", - дадаў першы віцэ-прэм'ер.
Ён лічыць, што ва ўмовах крызісу трэба развіваць інфраструктуру. "Гэта найважнейшы элемент, які стварае зачын на будучыню з пункту гледжання развіцця чалавечага капіталу і імпульсы ў эканамічным развіцці", - адзначыў ён. Мікалай Снапкоў таксама даў высокую ацэнку аналітыцы і макраэканамічным прагнозам банка, назваўшы іх неафіляванымі і вельмі прафесіянальнымі.
Мікалай Падгузаў падкрэсліў, што ЕАБР з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, якая "па-за нейкімі палітычнымі канструкцыямі". "Таму наша задача - развіццё эканомік, інтэграцыйных працэсаў на прасторы ЕАЭС. Сапраўды, на працягу апошніх, напэўна, паўтара года ў нас даволі сур'ёзна вырас партфель у Беларусі. Цяпер ён складае каля $1 млрд", - сказаў Мікалай Падгузаў. Банк працуе з буйнейшымі прадпрыемствамі краіны, сярод якіх БЕЛАЗ, "Беларуськалій", БМЗ.
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года для садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Статутны капітал ЕАБР складае $7 млрд. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.