16 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас прыняў удзел у спецыяльным развітальным мерапрыемстве Выканаўчага савета Міжнароднай асацыяцыі пастаянных прадстаўнікоў пры ААН (МАПП), арганізаваным у Нью-Ёрку ў сувязі з завяршэннем кіраўніком беларускага прадстаўніцтва пры ААН сваёй дыпламатычнай місіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Міжнародная асацыяцыя пастаянных прадстаўнікоў пры ААН была створана ў 1988 годзе па ініцыятыве кіраўнікоў некаторых місій дзяржаў - членаў ААН як нефармальны форум і механізм дыялогу, кансультацый паміж былымі і дзеючымі кіраўнікамі дыпламатычных місій пры ААН. Кіруе дзейнасцю МАПП выканаўчы савет, у склад якога ўваходзіць і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас.
У час цырымоніі члены выканаўчага савета падкрэслілі важкі ўклад Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у пашырэнне грамадскай інфармаванасці аб дзейнасці МАПП праз стварэнне часовай вэб-старонкі МАПП і ініцыятыўную падрыхтоўку праекта рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН, якая прысвечана асацыяцыі і прадугледжваецца да прыняцця ў час 72-й сесіі ГА ААН.