2 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. План мерапрыемстваў па правядзенні ў 2019-м Года адукацыі Беларусі і Кітая падпісаны ў Пекіне. Дакумент прыняты ў ходзе праведзенага 2 лістапада трэцяга пасяджэння беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Кітаі.
Пасяджэнне прайшло пад старшынствам кіраўнікоў нацыянальных частак камітэта - намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалая Снапкова і члена Палітбюро ЦК КПК, члена Сакратарыята ЦК КПК, сакратара Палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Го Шэнкуня. Бакі разгледзелі комплекс пытанняў супрацоўніцтва, падвялі вынікі рэалізацыі рашэнняў другога пасяджэння камітэта, якое адбылося ў жніўні 2016 года ў Мінску. Вызначаны задачы на бліжэйшую перспектыву.
На мерапрыемстве з дакладамі выступілі таксама кіраўнікі сакратарыятаў нацыянальных частак камітэта - намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас і памочнік міністра замежных спраў КНР Чжан Ханьхуэй. Свае пункты гледжання выклалі кіраўнікі камісій, што ўваходзяць у склад міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве: па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве; па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве; па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі; па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі; па супрацоўніцтве ў галіне культуры.
Па выніках пасяджэння падпісаны шэраг дакументаў. У іх ліку падагульняючы пратакол пасяджэння камітэта, план супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры і турызму Кітая на 2019-2022 гады.
Бакі дамовіліся правесці чацвёртае пасяджэнне камітэта ў 2020 годзе ў Мінску.