21 чэрвеня, Дзяржынск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня прыняў удзел у адкрыцці фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Алімп" у Дзяржынску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цырымоніі адкрыцця таксама прынялі ўдзел старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дзяржынскага раёна Міхаіл Юркевіч, шматразовы чэмпіён Еўропы і свету па дзюдо і самба Юрый Рыбак, пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па дзюдо Валерыя Трухановіч.
У канцы мая Дзяржынск адсвяткаваў дзень горада. Таму завяршэнне будаўніцтва ў раённым цэнтры новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу стала ў некаторым сэнсе падарункам да гэтай падзеі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусам трэба больш адказна ставіцца да свайго здароўя. "Калі кожны чалавек, пачынаючы з дзіцяці, будзе клапаціцца пра сваё здароўе (хаця б мінімальна), не трэба будзе ў аптэку хадзіць і ў бальніцу. І для таго, каб вы не хадзілі па аптэках і бальніцах, мы будуем "цэнтры здароўя", - адзначыў ён.
"Калісьці мной было прапанавана мець у кожнай школе спартыўныя аб'екты, асабліва ў вёсцы. Але патрэбны і вось такія цэнтры. У кожным раёне попыт на такія цэнтры вялікі. Людзі асабліва хочуць, каб быў басейн. Вось мы і пабудавалі добры фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэта для таго, каб мы жылі не марна, клапаціліся пра сваё здароўе. І самае галоўнае - для таго, каб дзеці нашы мелі магчымасць займацца спортам. Я буду вельмі рады, калі з часам пачую, што чэмпіёны Еўропы, свету, Алімпійскіх гульняў прыйдуць адсюль. А гэта магчыма: самыя моцныя людзі - у раёнах", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што такія аб'екты з'явяцца ва ўсіх раёнах вобласці. "Я думаю губернатар, ён у нас чалавек малады, спартыўны, будзе прытрымлівацца гэтага стылю, і на працягу наступнай пяцігодкі ў кожным раёне мы будзем мець такія комплексы. Няшмат у нас раёнаў, дзе такіх комплексаў яшчэ няма. Таму мы іх павінны пабудаваць. Гэта фабрыка здароўя. І я вам жадаю галоўнага - здароўя, усё астатняе купім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Алімп" у Дзяржынску ўваходзіць у структуру дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раёна. Яго пачалі будаваць у красавіку 2022 года, на работы і аснашчэнне комплексу выдзелілі Br24,3 млн.
У ФАК адкрыты секцыі па футболе, баскетболе, дзюдо і настольным тэнісе. Прапрацоўваецца пытанне аб адкрыцці аддзялення па плаванні. Займацца спортам атрымаюць магчымасць як гараджане, так і жыхары бліжэйшых вёсак.
Прэзідэнт азнаёміўся з магчымасцямі комплексу і нават зрабіў сімвалічны першы ўдар па мячы ў матчы паміж ветэранамі футбола Мінскай вобласці.
"Для таго каб закласці базу для спартсменаў, тут усё ёсць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Размаўляючы з футбалістамі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў часы сваёй маладосці захапляўся гэтым відам спорту і ў адным з матчаў траўміраваў калена. "Самы цяжкі від спорту ў нас з вамі", - дадаў ён.
Спартсмены ўручылі кіраўніку дзяржавы футбольны мяч і памятную фатаграфію - здымак быў зроблены 15 кастрычніка 1996 года. У гэты дзень на стадыёне "Дынама" адбыўся таварыскі матч паміж беларускімі ветэранамі футбола і студэнтамі. У гульні ўдзельнічаў і Аляксандр Лукашэнка. А адзін з прысутных на адкрыцці ФАК футбалістаў якраз судзіў тую гульню.
На выхадзе з ФАК кіраўніка дзяржавы віталі мясцовыя жыхары. Ён заклікаў іх актыўна падключацца да навядзення парадку ў горадзе: "Усё ж такі сталіца, горад-спадарожнік. Таму падключайцеся".
Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці ёсць да яго якія-небудзь пытанні. Але людзі хацелі толькі выказаць словы ўдзячнасці. "А не трэба, не трэба! - перапыніў іх Прэзідэнт. - Я раблю сваю справу. Таму жывіце доўга, здароўя, займайцеся спортам тут. Цудоўная зала".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што яшчэ прадоўжыць агляд з паветра стану спраў у вобласці. "Я перажываў, што гэты ўраган нанясе нам вялікую шкоду, асабліва пасевам. Але бог пашкадаваў нас. Асобныя палі ёсць, якія крыху падмяў, дзе вільготнасць большая, а мы яшчэ ўгнаенняў лішніх кінулі. Але нармальна, жыць можна. Калі ўсё будзе добра, дапамажыце вяскоўцам. У вас гаспадаркі тут моцныя, і кіраўнікі добрыя ўзначальваюць. А недзе плячо падставіць - асабліва механізатары, такія моцныя, як у вас, мужыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У Дзяржынску кіраўніку дзяржавы таксама падарылі незвычайную скульптурную кампазіцыю - шчыт і меч. Гэта адсылка да герба горада і Аляксандра Неўскага. Прэзідэнт распарадзіўся пакінуць гэту кампазіцыю ў Дзяржынску, даручыўшы падабраць для яе самае добрае месца.
"Цяпер у Дзяржынску будуць ведаць, што я іх абараняю", - падкрэсліў ён.