23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўная праграма "Сацыяльная абарона" на 2021-2025 гады зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 21 снежня 2020 года нумар 748, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Дзяржпраграма распрацавана для далейшага паляпшэння забеспячэння сацыяльнай абароны насельніцтва, фарміравання даступнага асяроддзя жыццядзейнасці. У яе ўключаны дзве падпраграмы - "Сацыяльнае абслугоўванне і сацыяльная падтрымка" і "Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб".
Першая падпраграма прадугледжвае забеспячэнне сацыяльнымі паслугамі грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, аказанне сацпадтрымкі, забеспячэнне патрэбнасці грамадзян у паслугах сацыяльнай рэабілітацыі.
Другая падпраграма накіравана на забеспячэнне даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сеткі, транспартных сродкаў і транспартнай інфраструктуры, інфармацыйнай даступнасці, фарміраванне пазітыўнага стаўлення ў грамадстве да інвалідаў.
Мерапрыемствы праграмы будуць фінансавацца за кошт сродкаў, прадугледжаных на гэтыя мэты ў рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах, уласных сродкаў выканаўцаў мерапрыемстваў, іншых не забароненых заканадаўствам крыніц. У цэлым аб'ём фінансавання праграмы складае Br4 млрд.
Усяго прадугледжваецца 59 мерапрыемстваў. У прыватнасці, гэта арганізацыя аказання сацпаслуг у форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям'і; прадастаўленне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі; выплата грашовай дапамогі на аздараўленне асобным катэгорыям грамадзян.
Грамадскім аб'яднанням інвалідаў акажуць метадычную і практычную дапамогу. Прадугледжана распрацоўка дзяржстандартаў у сферы забеспячэння даступнага асяроддзя.
Устаноўлены пералік арганізацыйна-тэхнічных мер для вырашэння задач падпраграм. Сярод іх арганізацыя работы саветаў пажылых грамадзян пры мясцовых органах улады; прававая асвета і павышэнне фінансавай дасведчанасці пажылых грамадзян; карэкціроўка тэхнічных нарматыўных прававых актаў па стварэнні даступнага асяроддзя; маніторынг даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры і інш.