9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 15 лютага 2022 года ўводзіцца новы фармат сертыфіката аб вакцынацыі з размяшчэннем у ім QR-кода для мабільнага дадатку "Падарожнічаю без COVID-19". Таксама з'явіцца адзіная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку асоб, вакцынаваных супраць COVID-19, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
Сертыфікат старога ўзору будзе лічыцца дзеючым да даты, пазначанай на ім. Фарміраванне сертыфіката новага ўзору будзе ажыццяўляцца па жаданні грамадзян, а ўнясенне звестак у інфармацыйную сістэму стане абавязковым, растлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Для мінімізацыі адміністрацыйнай нагрузкі на работнікаў аховы здароўя прадугледжана ўнясенне інфармацыі з выкарыстаннем медыцынскай інфармацыйнай сістэмы арганізацыі аховы здароўя. У выпадку адсутнасці ў арганізацыі аховы здароўя такой сістэмы інфармацыя будзе ўносіцца з выкарыстаннем партала інфармацыйнай сістэмы.
На час тэставай эксплуатацыі інфармацыйнай сістэмы будзе арганізавана абмежаваная пілотная зона, а сертыфікаты будуць выдавацца бясплатна. Плануецца, што да 1 красавіка 2022 года інфармацыйная сістэма пачне працаваць па ўсёй краіне.
Поўны рэестр арганізацый аховы здароўя, якія падключаны да інфармацыйнай сістэмы і дазваляюць фарміраваць QR-код па міжнародных стандартах, размешчаны на сайце Міністэрства аховы здароўя ў рубрыцы "Актуальная інфармацыя па папярэджанні інфекцыі COVID-19".
Таксама па жаданні грамадзян можна будзе перааформіць сертыфікат старога ўзору на сертыфікат новага ўзору на бязвыплатнай аснове.
У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі: на тэрыторыі Беларусі прад'яўленне так званых COVID-пашпартоў не патрабуецца. Разам з тым з улікам заканадаўства замежных дзяржаў QR-коды са звесткамі аб завершанай вакцынацыі сталі абавязковым патрабаваннем для бяспечнага падарожжа і наведвання грамадскіх месцаў ва ўмовах пандэміі COVID-19.
Створаная інфармацыйная сістэма дасць магчымасць жыхарам Беларусі рабіць падарожжы і дзелавыя паездкі з унясеннем інфармацыі аб вакцынацыі ў мабільны дадатак "Падарожнічаю без COVID-19".
"Падарожнічаю без COVID-19" – праект Фонду лічбавых ініцыятыў Еўразійскага банка развіцця (ФЛІ ЕАБР). Задача дадатку - забяспечыць свабоднае і бяспечнае перамяшчэнне грамадзян паміж краінамі ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Дадатак выкарыстоўваецца на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама Таджыкістана, Узбекістана, Азербайджана і Малдовы.
З загадам Міністэрства аховы здароўя Беларусі ад 8 лютага 2022 года нумар 155 "Аб парадку ўнясення звестак у адзіную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму ўліку асоб, вакцынаваных супраць COVID-19" можна азнаёміцца ў раздзеле "Для спецыялістаў/Нарматыўная прававая база/База НПА".