2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая сустрэча кіраўнікоў урадаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі Рамана Галоўчанкі і Міхаіла Мішусціна адбудзецца ў красавіку. Аб гэтым заявіў сёння дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў па відэасувязі з Масквы, вітаючы ўдзельнікаў урачыстага сходу "Саюзная дзяржава: адкрываючы новыя магчымасці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што "па даручэнні Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўрады на чале з Міхаілам Мішусціным і Раманам Галоўчанкам выйшлі на іншы ўзровень дыялогу, узаемаразумення і ўзаемадзеяння".
"Бачым, як паспяхова развіваецца дыялог па эканамічнай інтэграцыі. Пры гэтым мы добра разумеем і ніколі не дапусцім, каб гэты дыялог быў нераўнапраўным або асіметрычным, - сказаў ён. - Веру ў тое, што будучыя перагаворы кіраўнікоў урадаў у гэтым месяцы пацвердзяць рух наперад. Прыкладаў такога руху па-сапраўднаму мноства".
Дзмітрый Мезенцаў звярнуў увагу на беспрэцэдэнтны санкцыйны націск, які цяпер аказваецца на Расію і Беларусь. "Значыць, для нас скарачаецца магчымасць экспартных паставак, для нас закрываюцца рынкі, крэдытныя рэсурсы. Які адказ на гэта? Толькі наша з'яднанне, пошук тых сумесных планаў і алгарытмаў супрацоўніцтва, якія зробяць нас больш моцнымі і канкурэнтаздольнымі", - рэзюмаваў ён.
"Многія нашы нядобразычліўцы часам дакараюць нас, што мы і спрачаемся, але спрачаемся па-братэрску, і часам цяжка дамаўляемся, і нейкія мясныя, газавыя, нафтавыя, кефірныя спрэчкі нібыта азмрочваюць нашы адносіны. Нічога падобнага. Ніякія спрэчкі суб'ектаў гаспадарання не могуць засланіць стратэгічную накіраванасць, маштаб і гарызонт нашага супрацоўніцтва", - дадаў Дзмітрый Мезенцаў.
Сёння ў Палацы рэспублікі ў Мінску праходзіць урачысты сход "Саюзная дзяржава: адкрываючы новыя магчымасці", прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Удзельнічаюць у мерапрыемстве кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і яго прадстаўніцтвы ў Мінску, грамадскіх аб'яднанняў і інш. Да мерапрыемства ў анлайн-фармаце падключаны студыі ў Маскве.
У праграме тэматычныя экспертныя абмеркаванні: "Адзіная прававая прастора, абарона і бяспека - фундамент Саюзнай дзяржавы", "Эканамічны патэнцыял Саюзнай дзяржавы: стан і шляхі развіцця", "Сацыяльныя праекты і моладзь як рэсурс інавацыйнага развіцця Саюзнай дзяржавы".