12 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Сумеснае пасяджэнне калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі адбудзецца 14-15 снежня ў Маскве. Аб гэтым паведаміла на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"14-15 снежня ў Маскве адбудзецца сумеснае пасяджэнне калегій МЗС Расіі і Беларусі пад старшынствам Сяргея Лаўрова (кіраўніка МЗС РФ. - Заўвага БЕЛТА) і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка", - сказала Марыя Захарава.
Паводле яе слоў, на пасяджэнні плануецца разгледзець пытанні двухбаковага знешнепалітычнага супрацоўніцтва, тэматыку еўразійскай бяспекі, а таксама пытанні палітычнага, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі з дзяржавамі Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Карыбскага басейна.
"Па выніках пасяджэння плануецца падпісанне шэрага сумесных дакументаў, уключаючы праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2024-2026 гады", - дадала афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ.