4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч увайшоў у склад праўлення ініцыятывы "Лісабон-Уладзівасток" - рабочай групы па стварэнні адзінай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БелГПП.
Акрамя яго ў склад праўлення ўвайшлі былы эканамічны прадстаўнік Аўстрыйскай гандлёвай палаты Дзітмар Фельнер, прэзідэнт Confindustria Russia Эрнэста Ферленгі, генеральны дырэктар Усходняга камітэта германскай эканомікі Міхаэль Хармс, прэзідэнт Франка-расійскай гандлёва-прамысловай палаты Эмануэль Кідэ, прадстаўнік Германа-расійскага форуму Аляксандр Рар, старшыня праўлення Расійска-германскай знешнегандлёвай палаты Маціяс Шэп, прэзідэнт Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Шокін, прэзідэнт Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу, віцэ-прэзідэнт кампаніі Schneider Electric Ёхан Вандэрплаетсэ. Старшынёй праўлення выбраны генеральны дырэктар групы кансалтынгавых кампаній Schneider Group Ульф Шнайдэр.
Першае, статутнае пасяджэнне праўлення ініцыятывы "Лісабон-Уладзівасток" адбылося 3 лістапада ў фармаце відэаканферэнцыі. Удзельнікі абмеркавалі ключавыя дасягненні ў працэсе стварэння адзінай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока, стратэгічныя напрамкі работы ў 2021 годзе, магчымасці падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве з Еўразійскай эканамічнай камісіяй.
Беларуская гандлёва-прамысловая палата далучылася да ініцыятывы "Адзіная эканамічная прастора ад Лісабона да Уладзівастока" ("Лісабон-Уладзівасток") у маі 2018 года. Ініцыятыва заснавана бізнесам, бізнес-асацыяцыямі і аналітычнымі цэнтрамі краін - членаў ЕС і ЕАЭС у 2015 годзе з мэтай устанаўлення шматузроўневага дыялогу паміж Еўрапейскай камісіяй і Еўразійскай эканамічнай камісіяй па гарманізацыі ўсіх неабходных працэдур у сферах тэхнічнага і мытнага рэгулявання, лагістыкі, падатковых і фінансавых працэдур, аховы навакольнага асяроддзя, лічбавізацыі і іншых.