21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект па забеспячэнні выдачы магутнасці Беларускай АЭС і сувязі з энергасістэмай будзе рэалізаваны да канца 2018 года, паведаміў сёння генеральны дырэктар ДВА "Белэнерга" Яўген Воранаў у прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Практычна мы ідзём з апярэджаннем нарматыўнага тэрміну будаўніцтва на 1 год. З 23 пускавых комплексаў увядзём да канца бягучага года 17, на наступны год застаецца ўвод яшчэ 6 комплексаў, мы паспяхова завершым гэту работу да заканчэння наступнага года, тым самым за год да ўводу ў эксплуатацыю АЭС мы забяспечым рэалізацыю гэтага адказнага праекта па выдачы магутнасці", - растлумачыў Яўген Воранаў.
У цэлым праект "Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь. Выдача магутнасці і сувязь з энергасістэмай" прадугледжвае будаўніцтва новых паветраных ліній электраперадачы 330 кВ працягласцю 1 032,5 км і рэканструкцыю 672,4 км дзеючых ліній электраперадачы 110-330 кВ. У рамках праекта прадугледжана рэканструкцыя чатырох падстанцый і будаўніцтва новай падстанцыі "Паставы".
Сістэма выдачы магутнасці будуецца па кантракце на $340,86 млн паміж РУП "Гроднаэнерга" і ТАА "Паўночнакітайская электраэнергетычная праектная кампанія пры кітайскай электраэнергетычнай інжынерна-кансультацыйнай карпарацыі". Фінансаванне 95 працэнтаў кошту праекта прадугледжана за кошт сродкаў ільготнага крэдыту Экспартна-імпартнага банка Кітая, 5 працэнтаў - уласныя сродкі РУП "Гроднаэнерга". Паводле слоў Яўгена Воранава, асноўныя праектныя, будаўніча-мантажныя і наладачныя работы праводзяць беларускія кампаніі.
У гэтым годзе планава ўведзены ў эксплуатацыю дзве самыя магутныя ў краіне ГЭС - Полацкая (21,7 МВт) і Віцебская (40 МВт). "Гэты каскад станцый на Заходняй Дзвіне стане самым магутным у краіне і будзе платформай для далейшага развіцця гідраэнергетыкі, а таксама, спадзяёмся, што і гідраакумулюючай энергетыкі ў Беларусі для рэгулявання графіка нагрузак і змяншэння выкідаў у атмасферу", - адзначыў гендырэктар "Белэнерга".
Акрамя таго, у 2017 годзе завяршылася поўнамаштабная рэканструкцыя адной з найстарэйшых у Беларусі электрастанцый - Гомельскай ЦЭЦ-1. У поўным аб'ёме выканана запланаваная рамонтная кампанія, рэканструкцыя цеплавых электрычных сетак для надзейнага электразабеспячэння краіны.
Яўген Воранаў павіншаваў калег з прафесійным святам - Днём энергетыка, які адзначаецца ў Беларусі 22 снежня. У 2016 годзе "Белэнерга" дасягнула рэкордных тэхніка-эканамічных паказчыкаў за ўсю гісторыю існавання беларускай энергасістэмы. "Бягучы год таксама паспяховы, у тым ліку па тэхніка-эканамічных паказчыках і надзейнасці электразабеспячэння. У сусветным рэйтынгу Doing Business па падключэнні да сетак электразабеспячэння мы знаходзімся на даволі высокай пазіцыі - 25-е месца. Спадзяёмся, што прынятыя дадатковыя меры па паляпшэнні вядзення бізнесу дадуць вынік і ў наступным годзе мы палепшым свае пазіцыі", - рэзюмаваў гендырэктар "Белэнерга".