25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Задача ўрада - захаваць усе сацыяльныя стандарты, нягледзячы на санкцыі. Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па даручэнні Прэзідэнта асноўная задача ўрада - захаваць і забяспечыць усе сацыяльныя стандарты развіцця нашай дзяржавы і сацыяльныя праекты, якія вызначаюць узровень дабрабыту і камфортнасць жыцця насельніцтва. Нягледзячы на тое, што новыя санкцыі, якія прыменены да нашай краіны, маюць беспрэцэдэнтны маштаб, па вялікім рахунку ўдушлівы характар. Канчатковая задума Захаду - нанесці ўдар па ўзроўні жыцця нашых людзей, выклікаць іх незадавальненне, сацыяльную напружанасць праз аслабленне патэнцыялу ключавых галін і сфер эканомікі", - сказаў Мікалай Снапкоў.
Паводле яго слоў, першай на сябе яшчэ ў мінулым годзе прыняла ўдар авіяцыйная галіна, далей пайшлі забароны па каліі і нафтаперапрацоўцы. Былі ўведзены абмежаванні адносна канкрэтных прадпрыемстваў і фізічных асоб. "Прынята пяць пакетаў санкцый ужо, на падыходзе шосты", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.