1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Следчы камітэт Беларусі зацікаўлены ў вывучэнні вопыту расследаванняў ФБР ЗША. Аб гэтым заявіў старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч у час візіту ў Акадэмію ФБР ЗША, паведамілі БЕЛТА ў СК.
Дэлегацыя Следчага камітэта Беларусі на чале са старшынёй ведамства Іванам Наскевічам наведала 31 студзеня Акадэмію ФБР у Куантыка, штат Віргінія. У час візіту ў галоўны вучэбны цэнтр ФБР ЗША беларускім гасцям расказалі аб гісторыі стварэння Акадэміі, а таксама аб тым, якія праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў дзейнічаюць сёння. На тэрыторыі Акадэміі таксама размешчана бібліятэка ФБР, дзе захоўваюцца актуальныя выданні праваахоўнай тэматыкі з усяго свету. Таксама ў ёй прапанаваны шматлікія аўдыявізуальныя матэрыялы, юрыдычныя публікацыі, урадавыя дакументы, перыядычныя выданні і анлайн-рэсурсы.
Дэлегацыя Следчага камітэта азнаёмілася з комплексам Акадэміі і вызначыла прыярытэтныя напрамкі развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. "Мы адназначна зацікаўлены ў абмене інфармацыяй з амерыканскімі калегамі аб метадах барацьбы са злачыннасцю, вывучэнні набытага ФБР ЗША вопыту расследавання злачынстваў і прымянення найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі", - адзначыў старшыня Следчага камітэта.
Таксама Іван Наскевіч запэўніў амерыканскіх калег у гатоўнасці беларускага ведамства падзяліцца існуючымі напрацоўкамі па расследаванні розных катэгорый крымінальных спраў.