23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Следчы камітэт Беларусі і American Express Company маюць намер развіваць узаемадзеянне ў барацьбе з кіберзлачыннасцю, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт ведамства.
У цэнтральным апараце Следчага камітэта адбылася рабочая сустрэча прадстаўнікоў ведамства з дырэктарам службы бяспекі ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы American Express Company Ігарам Фядулавым.
Паводле інфармацыі ведамства, Ігар Фядулаў неаднаразова аказваў дапамогу Следчаму камітэту ў ходзе яго дзейнасці, прадастаўляючы неабходныя даныя ўпраўленню па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці цэнтральнага апарату СК.
У час сустрэчы бакі абмяняліся існуючай у іх інфармацыяй па шэрагу крымінальных спраў і абмеркавалі далейшыя перспектывы ўзаемадзеяння.
Акрамя таго, улічваючы ўклад Ігара Фядулава ў паспяховае расследаванне крымінальных спраў у сферы кіберзлачыннасці, што знаходзіліся ў вядзенні галоўнага следчага ўпраўлення ведамства, загадам старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча яму аб'яўлена падзяка за эфектыўнае садзейнічанне Следчаму камітэту ў вырашэнні ўскладзеных на яго задач.