14 мая, Сочы /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пасля запуску АЭС будуць імкнуцца да зніжэння тарыфаў на электраэнергію для рэальнага сектара эканомікі, аднак многае будзе залежаць ад дамоўленасцей з Расіяй па газе, паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на форуме "Атамэкспа" ў Сочы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння насельніцтва пакрывае каля 85 працэнтаў затрат на спажываемую электраэнергію. Стаіць задача на працягу двух гадоў выйсці на поўнае пакрыццё, але гэта будзе па меры росту заработнай платы і пенсій. Па цяпле насельніцтва аплачвае 16,8 працэнта затрат, задача выйсці на 100 працэнтаў цяпер не ставіцца. "У шэсць разоў павысіць цэны - хто вытрымае? Нават заможныя людзі або з сярэднім дастаткам не могуць. Мы такую задачу і не ставім у бліжэйшы час", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.
У рэальным сектары эканомікі трэба ісці да зніжэння тарыфаў - хаця б да 10 цэнтаў за 1 кВт. гадз (цяпер 11 цэнтаў за 1 кВт. гадз). А ў перспектыве Беларусь будзе старацца прывесці тарыфы на электраэнергію да ўзроўню дзеючых у Расіі.
Віцэ-прэм'ер разлічвае, што сабекошт вытворчасці электраэнергіі будзе зніжацца, гэта ўжо цяпер можна бачыць на прыкладзе новых станцый. З уводам АЭС выпрацоўка ўласнай электраэнергіі будзе абыходзіцца Беларусі яшчэ танней, упэўнены ён.