10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Куба чакаюць захавання дадатнай дынамікі развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў на пленарным пасяджэнні беларуска-кубінскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў важнасць таго, што ў мінулым годзе ўдалося нарасціць узаемны тавараабарот, нягледзячы на негатыўны сусветны кантэкст, у асаблівасці санкцыйны націск на абедзве краіны.
Кубінскую дэлегацыю на мерапрыемстве ўзначаліў намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Куба Рыкарда Кабрысас Руіс.
"Мне вельмі прыемна, што цяперашнім, 11-м пасяджэннем сумеснай камісіі, з кубінскага боку кіруе намеснік прэм'ер-міністра Рыкарда Кабрысас Руіс, які звычайна ўзначальвае жыццёва важныя для Кубы мерапрыемствы, і мае вялікі вопыт у знешнепалітычнай дзейнасці і станаўленні Кубы як суверэннай, незалежнай дзяржавы", - сказаў Яўген Шэстакоў.
Ён адзначыў, што папярэдняе, 10-е пасяджэнне камісіі адбылося крыху больш за два гады таму ў Гаване і тады абмяркоўваліся складанасці і далейшыя перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва.
"Скажу адкрыта: не ўсё нам удалося выканаць. Шэраг пытанняў, якія разглядаліся на дзясятым пасяджэнні, перайшлі да нас на разгляд гэтага пасяджэння. Значыць, ёсць пытанні, якія мы павінны адкрыта і канструктыўна абмяркоўваць, разумеючы, што ў кожнага з бакоў ёсць свае інтарэсы, якія яны павінны выконваць", - падкрэсліў намеснік міністра.
"За апошнія два гады сусветная кан'юнктура не разгарнулася ў лепшы бок, - прадоўжыў ён. - Усё большы санкцыйны націск на нашы краіны, разрыў лагістычных ланцужкоў і фінансавых схем беларускага экспарту, рост цэн на сельскагаспадарчую і прамысловую прадукцыю, энергарэсурсы сур'ёзна ўскладняюць ажыццяўленне задуманых праектаў і негатыўна ўплываюць на беларуска-кубінскі тавараабарот", - растлумачыў Яўген Шэстакоў.
Беларусь і Куба павінны захаваць дадатную дынаміку развіцця эканамічнага супрацоўніцтва.
Нараўне з гэтым ён звярнуў увагу і на станоўчыя моманты: "Тым не менш, нягледзячы на ўсе гэтыя фактары, у 2023 годзе нам сумесна ўдалося больш як у два разы павялічыць двухбаковы гандаль у параўнанні з 2022 годам. Кіраўніцтва Беларусі і, думаю, кіраўніцтва Кубы чакаюць ад нас захавання дадатнай дынамікі і ў бягучым годзе".
Намеснік міністра прапанаваў членам беларускай дэлегацыі актыўна папрацаваць з кубінскімі калегамі па асноўных напрамках узаемнага супрацоўніцтва.