Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

18 Ліс 2015

Шчоткіна: Гендарны фактар беспрацоўя ў Беларусі мінімізаваны

18 лістапада, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Гендарны фактар беспрацоўя ў Беларусі мінімізаваны. Аб гэтым сёння заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна на пасяджэнні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дастойная работа - адна з галоўных умоў эканамічнай плацежаздольнасці і дабрабыту жанчын і мужчын. Жанчыны складаюць больш як 53 працэнты насельніцтва краіны і 54,7 працэнта ў агульнай колькасці занятых у эканоміцы.

На працягу многіх гадоў жаночае беспрацоўе ў Беларусі пераважала, як і ў большасці краін свету. "Дзякуючы рэалізацыі комплексу дзяржаўных мер гендарны фактар беспрацоўя мінімізаваны: удзельная вага жанчын сярод беспрацоўных меншая, чым сярод мужчын. Па стане на 1 лістапада бягучага года на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацабароне ў якасці беспрацоўных знаходзіліся 42,6 тыс. чалавек, з іх 35,4 працэнта - жанчыны, - адзначыла міністр. - Пры гэтым назіраецца зніжэнне працягласці беспрацоўя і перыяду працаўладкавання беспрацоўных жанчын. У студзені-чэрвені 2015 года працягласць беспрацоўя жанчын склала 3,3 месяца, сярэдні перыяд працаўладкавання - 1,9 месяца (у 2011 годзе - 4,2 і 2 месяцы адпаведна). У агульнай колькасці беспрацоўных, якія атрымалі ў студзені-верасні субсідыі для арганізацыі ўласнага бізнесу, жанчыны склалі 33,4 працэнта".

На думку старшыні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы, пашырэнню магчымасцей працаўладкавання жанчын садзейнічала скарачэнне ў 2014 годзе спіса цяжкіх работ і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, на якіх забараняецца прыцягненне да працы жанчын. Гэта стала магчыма дзякуючы ўдасканаленню тэхналагічных працэсаў, укараненню новай тэхнікі, прымяненню новых форм арганізацыі працы. Сёння ў Беларусі ў гэты спіс уваходзяць 182 віды работ. Для параўнання: у Расійскай Федэрацыі для жанчын закрыты 456 відаў работ, у Казахстане - 299. Зняцце абмежаванняў карэліруе з больш высокім узроўнем заработнай платы: так, у горназдабыўной прамысловасці ўзровень аплаты працы на 30 працэнтаў вышэйшы за сярэдні паказчык па краіне.

Развіццё гібкіх форм занятасці, магчымасць прымянення няпоўнага рабочага часу, наяўнасць сацыяльных водпускаў даюць магчымасць сёння спалучаць работу і сям'ю. Развіваецца дыстанцыйная занятасць. Разам з тым, лічыць Мар'яна Шчоткіна, гэтыя пытанні трэба вырашаць адначасова з павышэннем сацыяльнай адказнасці бізнесу, наймальнікаў па стварэнні ўмоў, дружалюбных сям'і. Цікавасць у гэтым плане ўяўляе міжнародны вопыт. Напрыклад, у Германіі на прадпрыемствах рэалізуецца бізнес-праграма "Сям'я з фактарам поспеху", мэта якой - пераканаць прадпрыемствы ў эфектыўнасці палітыкі падтрымкі сям'і. У Славеніі, Швецыі дзейнічаюць сертыфікаты прадпрыемства, арыентаванага на сям'ю. Асноўная задача такіх праграм - зрабіць павышэнне якасці жыцця сем'яў арыенцірам нацыянальнай эканомікі.

У сферы занятасці застаюцца актуальнымі пытанні прафесійнай сегрэгацыі, высокага ўзроўню канцэнтрацыі жанчын у сацыяльных галінах. Мар'яна Шчоткіна лічыць, што гэта адна з асноўных прычын гендарнага разрыву ў заработнай плаце (крыху больш як 23 працэнты). Гэтыя пытанні трэба вырашаць ва ўвязцы з пытаннямі павышэння заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы.

"Яшчэ адна праблема - гэта двайная занятасць жанчын, - падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна. - Нягледзячы на высокі ўзровень удзелу жанчын у эканоміцы, яны па-ранейшаму нясуць асноўную нагрузку па вядзенні дамашняй гаспадаркі, выхаванні і доглядзе дзяцей. І тут трэба працаваць, перш за ўсё, у напрамку заахвочвання адказнага бацькоўства, роўнага размеркавання абавязкаў у сям'і".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі