25 красавіка, Ташкент /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан падпісалі шэраг пагадненняў і мемарандумаў у час візіту ў Ташкент беларускай урадавай дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Міністэрства развіцця спорту Узбекістана заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы фізічнай культуры і спорту.
Міністэрства інавацыйнага развіцця Узбекістана падпісала мемарандум аб супрацоўніцтве з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Акрамя таго, гэта ўзбекскае ведамства падпісала выканаўчую праграму навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2022-2023 гады з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Беларусі.
Яшчэ адзін значны дакумент - мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі Узбекістана і Нацыянальнай акадэміяй навук па далейшым развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, адукацыі і падрыхтоўкі навуковых кадраў.
Таксама сёння быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Мінсельсхарчам Беларусі і Дзяржаўным камітэтам ветэрынарыі і развіцця жывёлагадоўлі Узбекістана. Мінсельгасхарч Беларусі і Міністэрства сельскай гаспадаркі Узбекістана падпісалі дарожную карту па далейшым развіцці супрацоўніцтва ў галіне аграрнай навукі, адукацыі і інавацыйнага развіцця на 2022-2023 гады.
Было заключана і пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне племянной жывёлагадоўлі паміж "Белплемжыўаб'яднанне" і агенцтвам "Узбекчорванасл".