25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сенатары на пасяджэнні пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання прынялі заяву ў сувязі з інцыдэнтам з дзяржсцягам Беларусі ў Латвіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з абурэннем успрынялі інфармацыю аб дзеяннях у дачыненні да Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Рызе. Гэта акцыя з'яўляецца працягам недружалюбнай палітыкі Латвіі адносна Беларусі. Нацыянальны сход Беларусі расцэньвае гэта як парушэнне норм міжнароднага права", - гаворыцца ў заяве.
"Правакацыйныя дзеянні латвійскіх чыноўнікаў разбураюць астаткі даверу паміж нашымі дзяржавамі, ствараючы напружанне і аддаляючы на няпэўны тэрмін нармалізацыю адносін, - падкрэсліваецца ў заяве. - Адзначаем, што непрымальныя дзеянні Латвіі не выклікалі асуджэння іншых еўрапейкіх краін. А менавіта ж такая маўклівая згода размывае агульнапрынятыя асновы міждзяржаўных адносін. Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь патрабуе ад палітычнага кіраўніцтва Латвіі неадкладнага прыняцця мер па недапушчэнні падтрымкі любых дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў сферы міжнародных адносін".
"24 мая ў Латвійскай Рэспубліцы адбыўся інцыдэнт з Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. Сёння раніцай у нас адбылося пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, на якім мы прынялі рашэнне, што мы не павінны пакінуць без належнай рэакцыі гэты недружалюбны крок Латвіі ў адносінах да Беларусі", - сказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў.