19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет кіраўнікоў урадаў на пасяджэнні, якое адбудзецца 29 мая ў пасёлку Бурабай (Казахстан), абмяркуе сумесныя дзеянні краін СНД па вырашэнні фінансава-эканамічных пытанняў. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканкама СНД.
Увогуле плануецца разгледзець больш за 20 праектаў дакументаў па розных напрамках супрацоўніцтва ў Садружнасці. "У сферы эканомікі будуць абмеркаваны сумесныя дзеянні па вырашэнні актуальных пытанняў у фінансава-эканамічнай сферы, ход рэалізацыі прынятых ужо дакументаў, якія рэгламентуюць інавацыйнае супрацоўніцтва, і намечаны мерапрыемствы на 2015-2016 гады па рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва на перыяд да 2020 года", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Кіраўнікі ўрадаў вызначаць асноўныя напрамкі супрацоўніцтва ў галіне лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці на бліжэйшыя дзесяць гадоў, што дасць магчымасць павысіць эканамічны патэнцыял лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці краін Садружнасці, канкурэнтаздольнасць эканомікі, узровень дабрабыту, якасць жыцця насельніцтва і выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва і шырокай кааперацыі, развіцця рынку прадукцыі і паслуг у гэтай галіне.
Будуць разгледжаны праекты Канцэпцыі міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва дзяржаў СНД на перыяд да 2020 года і плана мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. "Мэтамі такога супрацоўніцтва з'яўляюцца садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёнаў, улічваючы іх геаграфічнае становішча, а таксама развіццё гандлёва-эканамічнага, культурнага і чалавечага патэнцыялу рэгіёнаў, развіццё інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД, фарміраванне і рэалізацыя ўзаемавыгаднай узгодненай рэгіянальнай палітыкі", - растлумачылі ў прэс-службе.
Акрамя таго, на разгляд кіраўнікоў урадаў уносіцца праект Канцэпцыі фарміравання і развіцця міждзяржаўнай сістэмы падрыхтоўкі, прафесійнай перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сферы інтэлектуальнай уласнасці. Прыняцце Канцэпцыі дасць магчымасць краінам СНД забяспечыць высокакваліфікаванымі спецыялістамі прыярытэтныя напрамкі развіцця навукі і тэхнікі, стварыць умовы для паспяховага вырашэння задач па патэнтным суправаджэнні навукова-тэхнічных даследаванняў і распрацовак, уключэнні аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці ў гаспадарчы абарот, фарміраванні рынку інтэлектуальнай уласнасці.
У парадак дня пасяджэння СКУ ўнесены таксама блок дакументаў гуманітарнага характару. У прыватнасці, кіраўнікі ўрадаў разгледзяць праект асноўных мерапрыемстваў супрацоўніцтва ў галіне культуры на 2016-2020 гады. Дакументам прадугледжваецца правядзенне звыш 120 мерапрыемстваў, накіраваных на далейшае пашырэнне і паглыбленне супрацоўніцтва ў тэатральна-канцэртнай галіне, у музычнай і бібліятэчнай сферах, у музейнай справе, а таксама ў такіх галінах, як кіно, навука, адукацыя, кнігавыданне, выяўленчае мастацтва, інфармацыйная дзейнасць і сумесная падрыхтоўка кадраў. У асобныя раздзелы ўключаны меры па захаванні і выкарыстанні помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, ахове нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны і народнай творчасці.
Акрамя таго, у гуманітарным блоку плануецца разгледзець праекты дакументаў, якія рэгламентуюць узаемадзеянне ў сферы павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў агульнаадукацыйных арганізацый, а таксама рашэнняў аб наданні статусу базавых арганізацый дзяржаў - удзельніц СНД.
У сферы бяспекі будуць разгледжаны пытанні, якія датычацца забеспячэння транспартнай бяспекі на тэрыторыях краін СНД пры перавозках у міжнародных зносінах, кантролю і ацэнкі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай сітуацыі, развіцця ваенна-прыкладных відаў спорту ва ўзброеных сілах краін Садружнасці, уліку грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія ўязджаюць на тэрыторыі дзяржаў СНД.
Таксама на пасяджэнні СКУ плануецца разгледзець шэраг кадравых і фінансавых пытанняў.