23 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасяджэнне камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях пройдзе 25 верасня ў анлайн-рэжыме, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сходу.
"Парламентарыям будзе прадстаўлена інфармацыя аб вопыце работы па барацьбе з распаўсюджваннем новай каранавіруснай інфекцыі (COVID-19) у Беларусі і Расіі", - адзначылі ў прэс-службе.
Акрамя таго, плануецца падвесці вынікі выканання праграм, праектаў і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў галіне сацыяльнай палітыкі ў 2019 годзе, абмеркаваць ход іх рэалізацыі ў 2020-м і планы на 2021 год, а таксама разгледзець пытанні дзейнасці Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе.
"У сувязі з існуючай эпідэміялагічнай сітуацыяй пасяджэнне вырашана правесці ў рэжыме відэаканферэнцыі. У студыях Мінска і Масквы збяруцца дэпутаты Парламенцкага сходу, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў аховы здароўя і міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі, члены Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе", - дадалі ў прэс-службе.