12 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Саюзныя парламентарыі 19 красавіка ў Маскве на пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях падвядуць вынікі рэалізацыі праекта па рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сходу.
"Саюзныя парламентарыі абмяркуюць вынікі выканання саюзных праектаў "Стварэнне скульптурнай кампазіцыі для Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату ў Цвярской вобласці" і "Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой", - адзначылі ў прэс-службе.
Будуць таксама разгледжаны пытанні выканання саюзнага бюджэту 2021 года і рэалізацыя прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018-2022 гады ў частцы ведання Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях. Акрамя таго, плануецца абмеркаваць дзейнасць Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе ў 2021 годзе.
Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаны прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Беларусі, Міністэрства асветы Расіі, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі РФ, міністэрстваў культуры і аховы здароўя дзвюх краін, а таксама члены Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе.
20 красавіка саюзныя парламентарыі наведаюць Ржэўскі мемарыял Савецкаму салдату, ускладуць кветкі і азнаёмяцца з экспазіцыяй музея. Плануецца сустрэча з прадстаўнікамі Цвярской вобласці і адміністрацыі Ржэўскага раёна. Акрамя таго, парламентарыі азнаёмяцца з работай міжнароднай ваенна-гістарычнай пошукавай экспедыцыі "Ржэў. Калінінскі фронт".