20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі, Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Анатоль Ісачанка сёння прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі "Чарнобыль праз 35 гадоў. Роўныя сацыяльна-эканамічныя магчымасці і перспектывы ўстойлівага развіцця пацярпелых тэрыторый". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.
У сваім прывітальным слове намеснік старшыні Савета Рэспублікі адзначыў, што гэта трагічная дата пакінула цяжкі след у гісторыі сучаснай Беларусі, і падкрэсліў важнасць абмеркавання пытанняў развіцця тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
На яго думку, праз 35 гадоў мы можам назіраць, як аднаўляюцца пацярпелыя рэгіёны і ствараюцца ўмовы для іх устойлівага развіцця.
Анатоль Ісачанка звярнуў увагу, што з пачатку 90-х гадоў у Беларусі рэалізавана пяць дзяржаўных праграм, накіраваных на пераадоленне наступстваў катастрофы, з агульным аб'ёмам фінансавання каля $20 млрд, а ўдзельная вага расходаў на іх выкананне штогод складае каля 3 працэнтаў бюджэту краіны. Ён таксама канстатаваў, што прынятая ў сакавіку гэтага года дзяржаўная праграма, накіраваная на далейшае пераадоленне наступстваў чарнобыльскай аварыі, з агульным аб'ёмам фінансавання большым за $1 млрд бюджэтных сродкаў у многім паслужыць дасягненню МУР на нацыянальным узроўні.
Анатоль Ісачанка таксама адзначыў асаблівую ролю дзяржавы і асабіста беларускага Прэзідэнта ў аднаўленні рэгіёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, і заклікаў міжнародных партнёраў актывізаваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку.
У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый Беларусі, Расіі, ААН, дыпламатычнага корпуса.