Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

25 Лют 2023

"Сабака брэша - караван ідзе". Лукашэнка пра нападкі на прадстаўнікоў Беларусі і Расіі на міжнародных пляцоўках


25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў нападкі і правакацыі ў адносінах да прадстаўнікоў Беларусі і Расіі на міжнародных пляцоўках. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Напрыклад, зусім нядаўна на пасяджэнні ПА АБСЕ латвійскі дэпутат абразіў расійскага ў зусім недыпламатычных выразах, былі правакацыі і ў адносінах да Андрэя Савіных - парламентарыя з Беларусі.

"Ну ён дастойна вытрымаў", - заўважыў беларускі лідар.

Больш таго, Генасамблея ААН рыхтуе чарговую антырасійскую рэзалюцыю. "Ці патрэбны нам наогул такія міжнародныя пляцоўкі і ў прынцыпе дыялог з Захадам", - спыталі журналісты ў кіраўніка дзяржавы.

"Вы ведаеце, патрэбны. Па адной такой яшчэ важнай прычыне, што яны чакаюць, што мы пойдзем адтуль (з міжнародных пляцовак. - Заўвага БЕЛТА). Ніколі не трэба рабіць так, як хоча твой вораг або праціўнік. Гэта аксіёма. Таму мы адтуль не пойдзем. Яны не нас абразілі і не расіян. Яны паказалі свой твар чарговы раз, - адзначыў беларускі лідар. - Хто ён такі - гэты латыш або літовец? Каго вы абражаеце. Вы абражаеце рускага, беларуса, якія вас ад карычневай чумы выратавалі. Хаця б аб гэтым падумалі. Але яны аб гэтым не думаюць, што тут гаварыць…"

"Няхай вішчаць, няхай крычаць. Мы павінны ісці сваёй дарогай, сваім шляхам. Сабака брэша - караван ідзе. Вось па гэтым прынцыпе мы павінны жыць і працаваць. Не звяртаць увагі і нават не каменціраваць. Паказваць іх нахабнасць і ідыятызм. Усё. Больш нічога не трэба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца міжнародных пляцовак, Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад ААН, дзе моцныя дзяржавы, у прыватнасці ЗША, часта націскаюць на меншых у пытанні іх галасавання, выкарыстоўваючы для гэтага фінансавыя інструменты. "Я шмат разоў быў у ААН і бачыў гэта. Гэта арганізацыя - пляцоўка, дзе можна пагаварыць, нешта абмеркаваць. Ні разу ж не прынялі нармальнага рашэння, выгаднага для… Добра, не па вайне. Няхай бы беднасць зменшылі ў свеце. Няхай бы гаротнікам нейкім дапамаглі, працавалі хаця б па гуманітарных пытаннях. Але ўсюды разыходжанні", - канстатаваў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што нават калі Расія і Беларусь уносяць рэзалюцыю па пытаннях бяспекі, то амерыканцы ды іншыя галасуюць супраць. "Ну гэта нонсэнс", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"А АБСЕ, што пра яе гаварыць…" - прадоўжыў беларускі лідар. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што як бы ні складвалася сітуацыя ў той ці іншы перыяд у Іраку, Сірыі, Афганістане або Украіне, на вышэйшым узроўні няма нават жадання сабрацца і пагаварыць.

"Захад гэтага не хоча. Захад не хоча гэтай размовы. Я ж прапаноўваў: давайце збяромся, пагаворым, калі ў Афганістане, Сірыі вайна пачалася. Кіраўнікі дзяржаў павінны збірацца. Я двойчы ці тройчы быў на такіх нарадах. Дык цяпер нават збірацца не хочуць. На ўзроўні міністраў замежных спраў у лепшым выпадку, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму гэта інструмент для націску. Хто мае там большасць, той і пачынае націскаць. АБСЕ... Якое яны маюць дачыненне да выбараў наогул. Гэта бяспека і супрацоўніцтва ў Еўропе (асноўная сфера адказнасці арганізацыі. - Заўвага БЕЛТА). Не, яны ўлезлі сюды. Таму што выбары - інструмент каго-небудзь зваліць у нейкай краіне. Займаюцца пустатой".

"Але мы будзем там, хоць нас там троляць, аказваюць націск і іншае, каб паказваць іх ідыятызм", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі