6 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі сёння ў Маскве ўзгаднілі праект праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі і пералік дарожных карт. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас па выніках перагавораў з удзелам дэлегацый дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы з Дзмітрыем Мядзведзевым падвялі рысу пад першым этапам вялікай работы, паставілі свае візы пад праграмай дзеянняў (па паглыбленні інтэграцыі. - Заўвага БЕЛТА), зацвердзілі пералік дарожных карт, - расказаў Сяргей Румас. - 31 дарожная карта ўвайшла ў гэты пералік, і нас на працягу бліжэйшых двух месяцаў чакае вельмі вялікая работа, каб да пачатку снежня падрыхтаваць для падпісання нашымі прэзідэнтамі пакет з праграмы дзеянняў, дарожных карт і некалькіх міжурадавых пагадненняў".
Кіраўнік беларускага ўрада падзякаваў кіраўнікам эканамічных ведамстваў Беларусі і Расіі Дзмітрыю Крутому і Максіму Арэшкіну за праведзеную работу па ўзгадненні неабходных дакументаў. "Адначасова хачу сказаць, каб яны не расслабляліся, - папярэдзіў Сяргей Румас. - Дарожныя карты - гэта на парадак больш складаны аб'ём работы, улічваючы і тэрміны, і той масіў дакументаў, якія трэба будзе прааналізаваць, каб якасна іх падрыхтаваць".
Сяргей Румас выказаў упэўненасць, што да сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў пачатку снежня ўсе неабходныя дакументы будуць гатовы.