21 верасня, Сочы /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас у Сочы сустрэўся з кіраўніком расійскага ўрада Дзмітрыем Мядзведзевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я ўдзячны вам, што вы знайшлі час сёння сустрэцца, каб мы маглі прадоўжыць абмеркаванне тых пытанняў, якія мы пачалі ў ходзе нашых тэлефонных перагавораў. Нашы намеснікі працавалі ў гэты час па пытаннях, якія яны курыруюць. І ваша прапанова аб тым, што група высокага ўзроўню павінна быць каардынатарам усіх пытанняў, ужо сёння ажыццяўляецца. Ігар Петрышэнка (віцэ-прэм'ер. - Заўвага БЕЛТА) далажыў мне, што група працуе ўжо. І новы пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч ужо таксама ўключыўся ў гэту работу", - сказаў прэм'ер-міністр Беларусі.
Сяргей Румас таксама прапанаваў перад сустрэчай прэзідэнтаў дзвюх краін зверыць пазіцыі. "Ці правільна мы разумеем тое, што напрацавалі нашы віцэ-прэм'еры. Для таго, каб аблягчыць работу ўжо на шырокай сустрэчы ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў", - адзначыў ён.
Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў у сваю чаргу сказаў, што на перагаворах у Сочы бакам трэба будзе абмеркаваць як бягучыя праекты, так і развіццё адносін паміж Расіяй і Беларуссю. У цэлым сітуацыю ў супрацоўніцтве дзвюх краін ён ахарактарызаваў як нядрэнную, звярнуўшы ўвагу на істотны рост тавараабароту як па выніках 2017-га, так і ў 2018-м. Пры гэтым рост паставак адзначаецца з абодвух бакоў.
"Але ёсць пытанні, якія заўсёды ўзнікаюць, у тым ліку ў сферы энергетычнага супрацоўніцтва і ў іншых галінах", - дадаў кіраўнік расійскага ўрада. Дзмітрый Мядзведзеў таксама яшчэ раз асабіста павіншаваў Сяргея Румаса з назначэннем на пасаду прэм'ер-міністра, пажадаўшы яму поспехаў у гэтай адказнай рабоце.