18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі (Дзяржатамнагляд) і Федэральная служба па экалагічным, тэхналагічным і атамным наглядзе Расіі (Растэхнагляд) абмеркавалі пілотныя разлікі па бяспецы АЭС у Астраўцы, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржатамнаглядзе.
На сустрэчы вызначаны падыходы па правядзенні пілотных разлікаў з прымяненнем спецыялізаванага праграмнага забеспячэння (кода Athlet) для дадатковай праверкі абгрунтавання бяспекі АЭС у Астраўцы з удзелам экспертаў Беларусі, Расіі, ФРГ.
Беларускі і расійскі рэгулюючыя органы ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі таксама выпрацавалі план сумесных мерапрыемстваў на 2019-2020 гады.
Акрамя таго, абмеркаваны пытанні, звязаныя з рэалізацыяй Нацыянальнага плана па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС і партнёрскай праверкі.
Бакі пацвердзілі неабходнасць аператыўнага прыняцця праекта канцэпцыі саюзнай праграмы "Удасканаленне падыходаў да аварыйнай гатоўнасці, аварыйнага рэагавання і рэгулявання бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі".