2 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь у перыяд свайго старшынства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы прыкладзе ўсе намаганні для ўрэгулявання ўзнікаючых крызісных сітуацый на прасторы АДКБ. Аб гэтым заявіў старшыня Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па міжнародных справах, міграцыйнай палітыцы і сувязях з суайчыннікамі, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргей Рачкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Першым прыярытэтам, які Беларусь вылучае ў ходзе свайго старшынства ў 2023 годзе, стаіць пытанне ўрэгулявання крызісных сітуацый. Беларускае старшынства плануе прыкласці ўсе магчымыя дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на дээскалацыю напружанасці, змяншэнне канфліктнага патэнцыялу, а таксама павышэнне ўзроўню ўзаемнага даверу праз сумесныя дзеянні дзяржаў - членаў АДКБ", - сказаў Сяргей Рачкоў сёння ў Маскве на пашыраным пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу па міжнародных справах, міграцыйнай палітыцы і сувязях з суайчыннікамі з удзелам парламентарыяў Парламенцкай асамблеі АДКБ.
Паводле яго слоў, для эфектыўнага рэагавання на шырокі спектр крызісных сітуацый, што ўзнікаюць у зоне адказнасці АДКБ, Беларусь мае намер сканцэнтраваць намаганні на ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы арганізацыі і нацыянальных прававых актаў. "Усё гэта, на нашу думку, павінна забяспечыць аператыўнае прыняцце рашэнняў на прымяненне сіл і сродкаў калектыўнай бяспекі", - адзначыў парламентарый.
"Асобную ўвагу плануецца ўдзяліць спрошчанай працэдуры транзіту кантынгентаў з узбраеннямі і ваеннай тэхнікай праз тэрыторыі дзяржаў-членаў, - паведаміў ён. - Далейшага развіцця і павышэння эфектыўнасці прымянення патрабуюць антыкрызісныя механізмы, якія не прадугледжваюць задзейнічанне сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ. Размова ідзе аб адпрацоўцы пытанняў выкарыстання гібкага палітычнага інструментарыю: механізмаў кансультацый, маніторынгу, назірання на месцах. Для павышэння зладжанасці і ўмацавання міжведамаснага ўзаемадзеяння процідзеянню транснацыянальным выклікам і пагрозам бяспецы Беларусь мае намер правесці мерапрыемствы па лініі адказнасці профільных ведамстваў з магчымым запрашэннем прадстаўнікоў іншых зацікаўленых краін і спецыялізаваных міжнародных арганізацый".
"У кантэксце ўсё большай актуальнасці праблематыкі біялагічнай бяспекі плануецца правесці ў Беларусі пасяджэнне адпаведнага каардынацыйнага савета ўпаўнаважаных органаў дзяржаў - членаў арганізацыі", - дадаў Сяргей Рачкоў.
"Другі прыярытэт - эфектыўнае пазіцыянаванне АДКБ у сістэме міжнародных адносін, - прадоўжыў парламентарый. - У гэтым кантэксце беларускі бок прапануе правесці шырокае абмеркаванне міжнароднага парадку дня ў разрэзе інтарэсаў АДКБ на палях міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па праблематыцы еўразійскай бяспекі з запрашэннем вышэйшых службовых асоб сакратарыятаў ААН, ШАС, СНД і іншых міжнародных арганізацый. Мерапрыемства плануецца правесці ў Мінску ў 2023 годзе. Умацаванню пазіцый АДКБ на міжнароднай арэне будзе садзейнічаць, на наш погляд, пашырэнне партнёрскіх сувязей з глабальнымі ігракамі, такімі як Кітай і Індыя".
Трэці прыярытэт - умацаванне ваеннага складніка АДКБ. "Прыярытэтнымі задачамі ў гэтай сферы беларускі бок бачыць павышэнне гатоўнасці кампанентаў войскаў АДКБ да выканання задач па прызначэнні, а таксама ўмацаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва дзяржаў-членаў, - растлумачыў Сяргей Рачкоў. - У акрэсленых мэтах на тэрыторыі Беларусі ў 2023 годзе будзе спланаваны і праведзены шэраг сумесных вучэнняў з органамі кіравання і фарміраваннямі сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ. Беларускае старшынства мае намер удзяліць асаблівую ўвагу актывізацыі намаганняў па выпрацоўцы адзіных падыходаў у галіне стандартызацыі і каталагізацыі абароннай прадукцыі і развіцці кааперацыі прадпрыемстваў у выпуску перспектыўнай прадукцыі ваеннага прызначэння".
"Чацвёрты напрамак - узмацненне аналітычнага складніка, рэагаванне на інфармацыйныя войны і медыйнае пазіцыянаванне. Беларусь мае намер зрабіць акцэнт на нарошчванні інстытуцыянальнага патэнцыялу АДКБ у інфармацыйна-аналітычнай сферы, што будзе садзейнічаць якаснаму ўзмацненню арганізацыі, больш эфектыўнаму рэагаванню на ўзнікаючыя выклікі і пагрозы бяспецы. Канкрэтным практычным укладам у рэалізацыю задачы стане фарміраванне сеткі нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў-членаў. Беларускі бок прапануе правесці ў Мінску ў 2023 годзе сустрэчу кіраўнікоў нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў - членаў АДКБ для арганізацыі сістэмнай работы ў гэтым напрамку", - падкрэсліў парламентарый.
"Рэалізацыя акрэсленых прапаноў магчыма толькі пры ўмове нашай сумеснай работы, падтрымкі ўсіх дзяржаў - членаў АДКБ, на якую Рэспубліка Беларусь разлічвае", - рэзюмаваў Сяргей Рачкоў.